Паэт беларускай зямлі. Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

ЛЕТАПIС ЖЫЦЦЯ I ТВОРЧАСЦI

У 1986 годзе ўпершыню ў Беларусі выйшла першая персанальная энцыклапедыя. І прысвечана яна была Янку Купалу. А ў 2017-2018 гадах пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыла свет дапоўненае выданне – у трох тамах.

Першы том выйшаў у год 135-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, які ў 1925 годзе стаў першым народным пісьменнікам Беларусі. Гэта падрахунак развіцця купалазнаўства ў нашай краіне.

ВЫДАННI ЗБОРУ ТВОРАУ

Першы збор твораў песняра рыхтаваў сам Янка Купала. (Дарэчы, гэта быў увогуле першы збор твораў у гісторыі беларускай савецкай літаратуры).

Выдадзены ён быў у 1925-1932 гг. Другое выданне, якое рыхтавалася да 35-годдзя творчай дзейнасці паэта, засталося незавершаным. У 1952-1954 гг. тыражом 10 тысяч экз. выйшла трэцяе выданне ў 6 тамах.

Шасцітомным было і выданне 1961-1963 гг., а наступнае, што рыхтавалася ў 1972- 1976 гадах да 90-гадовага юбілею паэта, дапоўнілася 7-ым томам. Апошняе выданне – Поўны збор твораў у 9 тамах, свет пабачыла ў 1995-2003 гг

ЗБОРНИК-ЮБIЛЯР

Зборнік “Спадчына” – гэта першая кніга паэта савецкага часу. У ім былі змешчаны творы, напісаныя падчас Першай Сусветнай вайны і рэвалюцыйных пераўтварэнняў 1913-1919 г.г., а таксама вершы “Жалейкаўскага” перыяду, не надрукаваныя з-за цэнзурных абмежаванняў

СПАДЧЫНА

Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам.

І тое нуднае ягнят Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
І ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,

Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я

І сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

1914-ы

Сыходзіш ты туды, скуль не прыходзяць,
Але сваіх не забярэш слядоў…
О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць,
О год! ты першы гэткі з між гадоў.
Прыйшоў не з згоды і свабоды весцяй
І – не ўзвялічыць праўду між людзьмі,
– Жыццё мільёнаў ты прыйшоў затрэсці,
Шлях вымасціць свой трупамі, касцьмі.
Кастлявай зморай з гібелі сталеццяў
Ты, як пракляцце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той – хто ўздумае ўміраць.
«Не забіваці» – ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на звераў пошасцяй крывавай
Ператварыў і здаў наследніку свайму.
Га! Хай жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата!
Крывавы бог
крывавыя ахвяры
Сабраць павінен з свету дачыста.
Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага Бога-рока
Напіша бескрывавы свой закон.

Бацькаўшчына

З зямлёй і небам звязывае мяне ніць —

Неразарваная веквечна павуціна:

Зямля мяне галубіць, як вернага сына,

А сонца мне душу не кідае туліць.

Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць

Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:

Што роднай нівы я мільённая часціна,

Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.

Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе без злосці,

Узрос з яе й чужых з яе не скінуў косці,

Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.

І калі здзекваецца нада мною хтосьці —

Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,

Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй.

ТВОРЧАСЦЬ ЛАУРАТАРАУ КУПАЛАУСКАЙ ПРЭМII

У 1957 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, а ў 1965- ым – Дзяржаўная прэмія ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства імя Янкі Купалы. Лаўрэатамі гэтых прэстыжных прэмій сталі вядомыя паэты Беларусі, сярод якіх Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Анатоль Вялюгін, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк і інш.

ЯНКУ КУПАЛУ

Мелодыя гэтых слоў
З маленства ў душу запала.
У галавах маіх светлых сноў
Стаялі
Купалле,
Купалка,
Купала.
Маці мяне купала,
Спявала пра ноч на Івана Купалу:
— Ішла Купалка нявесела,
Краскамі вочкі завесіла,
Стала Купалка бедаваць,
А дзе ж мне ночку начаваць…

З ПРАЦЫ ПАЧЫНАЕЦЦА КУПАЛА

З працы пачынаецца Купала,
З песні, што яднала ўсіх людзей;
З казак, дзе крыві і слёз хапала,
З калыханкі, сонца і надзей.
З болю пачынаецца, з пратэсту,
З прыгавору гнеўнага панам…
І прыйшлі мы з ім у свет братэрства, І дарог не трэба іншых нам.

НАД МАГIЛАЙ ЯНКI КУПАЛА

Нішто такім не аддаецца Грымотным, балючым у сэрцы – Ні хваляў марскіх вал дзявяты, Ні гул несціханы набату, Ні рокат падземнага грому, Ні роў і ні стогн буралому, – Як кінутая жменька гліны На века тваёй дамавіны.

ЯНКА КУПАЛА У ТВОРАХ МАСТАЦТВА

Шмат мастакоў, скульптараў, кампазітараў звярталася да вобраза паэта і яго твораў. Цікавая гісторыя помніка народнаму паэту, створанага скульптарам Анатолем Анікейчыкам для беларусаў ЗША. Устаноўлены ён паблізу Нью-Йорка. На адкрыццё помніка ў 1973 годзе аўтар праекта паехаў з драматургам Андрэем Макаёнкам. Атмасфера адкрыцця была вельмі хвалюючай. З’ехаліся ў парк беларусы з усёй Амерыкі, а таксама Канады і Мексікі. Гучала беларуская мова, людзі ўпрыгожвалі помнік жывымі кветкамі. Здавалася, што і скульптурны Купала павесялеў, змяніў светлую журбу на радасць.

КУПАЛА — ПЕРАКЛАДЧЫК

Купалу перакладалі на многія мовы свету. Напрыклад, верш “А хто там ідзе?” перакладзены на 82 (!) мовы. Але і сам Купала быў выдатным майстрам перастварэння. Прапануем яго пераклад байкі І.А.Крылова і знаёмай усім з дзяцінства “Ёлачкі”.

ЛЕБЕДЗЬ, ШЧУПАК I РАК (з рускай – І.А.Крылова)

Там, дзе еднасці і згоды

Няма шчырых у людзей,

Праца іхняя заўсёды

Ліха, марна прападзе.

Раз ў калёсы запрагліся

Лебедзь ды Шчупак і Рак;

З усіх сіл вязці ўзяліся,

Дый не зрушаць воз ніяк.

Пад нябёсы Лебедзь рвецца,

Шчупак цягне у ваду;

Распусціўшы клюшні, пхнецца

Рак назад, як на бяду!

Хто з іх вінен, хто не вінен,

Не нам гэта раз’ясняць,

Толькі ж і дасюль калёсы

Як стаялі, так стаяць!

ЕЛОЧКА

Ўзышла у лесе ёлачка,
У лесе і расла,
Узімку, улетку стройная,
Зялёная была.
Мяцеліца ёй песеньку Пяяла: баю-бай.
Мароз сняжком атуліваў!
Глядзі: не замярзай!
Пужлівы зайчык шэранькі
Пад ёлачкай скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Ускоч перабягаў.
Вось снег у лесе дрэмлючым
Пад полаззем скрыпіць,
І конік жвавы, сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.
Вязе той конік саначкі,
А ў санках селянін,
Пад’ехаў ён пад ёлачку
І ссек у міг адзін.
Цяпер яна прывабная
На свята к нам прыйшла
І шмат пацехі, радасці Для дзетак прынясла.

ЖКРБОТНЫ ЮБIЛЕЙ

У гэтым годзе не толькі юбілей з дня нараджэння, але і трагічны юбілей – 80 гадоў з дня гібелі паэта. У гэтай сувязі хочацца расказаць пра адзін артэфакт, знойдзены ў Мінскім раёне непадалёку ад в. Яхімоўшчына, што сведчыць аб бязмежнай любові народа да свайго песняра. Гэта напаўсатлелыя лісткі адрыўнога календара з вершам Янкі Купалы “А хто там ідзе?”, знойдзеныя ў гільзе. Невядомы нам салдат, магчыма, перад апошнім сваім боем вырашае захаваць для нашчадкаў створаны якраз у Яхімоўшчыне знакаміты верш.

БЕЛАРУСКIМ ПАРТЫЗАНАМ

Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
На руінах, папялішчах,
На крывавых іх слядах
Хай груган іх косці ліча,
На бяседу соваў кліча
Баль спраўляць на іх касцях.
Няхай Гітлеру-вампіру
Клююць сэрца, смокчуць кроў;
Сыты быў людскім ён жырам,
П’яны быў крывавым вірам,
– Хай жа гіне звер звяроў!
Выразаў ён старцам вочы,
Рэзаў матак і дзяцей,
Дзікай зданню, патарочай
Засланяў дні чорнай ночай,
– Хай жа гіне ліхадзей!
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
Клічу вас я на пабеду,
Хай вам шчасцем свецяць дні,
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу
На святой нашай зямлі.
Цень забітых матак, дзетак,
Дзедаў вашых і бацькоў,
Акрываўлены палетак
Клічуць мсціць крывава гэтак,
Як не мсцілі ад вякоў.
Не давайце гадам сілы
Над сабою распасцерць,
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы,
Кроў за кроў, а смерць за смерць.
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
Няхай ваша перамога
Не кідае вас нідзе,
Не пужае хай трывога,
– Ваша чыстая дарога
Да свабоды давядзе.
Так ад нечысцяў ачысцім
Нашы нівы і лясы,
Фашыстоўскіх псоў панішчым,
І схінуцца, як калісьці,
Для нас нашы каласы.
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.

На жаль, твораў ваеннай пары ў Купалы няшмат. Яно і зразумела: ён пайшоў з жыцця задоўга да Перамогі. Але і тое нямногае, што ён стварыў, было вельмі папулярным і сярод воінаў, і сярод партызан.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены