Як зэльвенскія каталікі рыхтуюцца да Вялікадня

Вялікая Субота – трэці дзень Пасхальнага Трыдуума. Своеасаблівы час жалобы па ўкрыжаваным Пане. На працягу дня касцёл Святой Троіцы ў Зэльве адчынены для таго, каб вернікі змаглі ў любы час падыйсці да сімвалічнай грабніцы Езуса, памаліцца спакойна і глыбока, у адзіноце, пабыць сам-насам з Богам.

Таксама субота – гэта дзень, калі веруючыя чакаюць светлай падзеі – Змёртвыхпаўстання Хрыстуса. Ужо праз некалькі гадзін, у 20:00, зэльвенцы збяруцца на Пасхальную вігілію і абвясцяць усяму свету радасную вестку аб перамозе Бога над смерцю.

А пакуль рыхтуюць на святочны стол велікодныя стравы і прыносяць іх у касцёл, каб асвяціць. У прыгожых кошыках – чырвоныя яйкі, хлеб, соль, вада, мясныя прысмакі і апетытныя пірагі. Над імі ксёндз Яцэк Маркель гаворыць спецыяльную малітву, а потым благаслаўляе кожны кошычак святой вадой.

Для мяне Вялікдзень – гэта душэўнае свята, гэта сутнасць майго духоўнага стану, – кажа парафіянка Ядзвіга Шацінская. – У гэты дзень мы вітаем адзін аднаго словамі: “Хрыстос уваскрос!” – “Сапраўды уваскрос!”, частуем адзін аднаго пафарбаванымі яйкамі – сімвалам новага жыцця, жадаем дабрабыту і здороўя. Няхай Уваскрослы Пан сагрэе душы людзей, адорыць іх сваёй ласкай і дабрынёй.

Вельмі прыемна, што зэльвенцы жывуць у веры, у шанаванні спадчыны, памятаюць і прадаўжаюць звычаі і традыцыі, – разважаюць Алеся Рудая і Ігар Мінаш. – З пакалення ў пакаленне жыве і святкуецца Вялікдзень, вялікі дзень Уваскрасення Хрыстуса. Са святам вас, паважаныя землякі, шаноўныя вернікі каталіцкага веравызнання! Няхай вашы душы напаўняюцца верай, сэрцы – любоўю, а ўчынкі – міласэрнасцю!

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены