Летапісец роднай вёскі. Днямі ў раённай бібліятэцы зэльвенцаў пазнаёмілі з творчасцю Генадзя Нічыпара

Днямі ў раённай бібліятэцы сабраліся члены клубаў «Ліра» (раённая бібліятэка) і «Малюся Слову» (ЦСАН), каб пазнаёміцца з творчасцю Г.І.Нічыпара, сапраўднага летапісца сваёй роднай вёскі Бібікі.

ЧЫМ ЦІКАВАЯ ТВОРЧАСЦЬ НІЧЫПАРА

Прэзентацыя зборніка Генадзя Нічыпара «Успаміны, успаміны…» была незвычайнай: на ёй адсутнічаў сам аўтар. Жыве ён на Урале, у Чалябінску. Калі быў малодшы, даволі часта наведваў Бібікі. Зараз, на жаль, з-за паважанага ўзросту і стану здароўя прыехаць не можа. А вось вершаваныя ўспаміны пра радзіму даслаў. І кіраўнікі літаратурных клубаў бібліятэкі і дзённага аддзялення ЦСАН вырашылі абавязкова пазнаёміць з ім як сваіх членаў, так і іншых чытачоў бібліятэкі. Чым цікавы зборнік? – Генадзь Іванавіч – не прафесійны літаратар, не член Саюза пісьменнікаў. Ён па прафесіі чыгуначнік. Але арганізатараў свята ўразіла апантаная любоў Нічыпара да зямлі, што запаланіла яго сэрца ў далёкія 40-50-я гады мінулага стагоддзя, памяць пра людзей-землякоў, пра Бібіцкую школу, у якой вучыўся, пра яе настаўнікаў. Па вершах Генадзя Іванавіча можна вывучаць гісторыю вёскі Бібікі. А яшчэ больш уражвае тое, што ён, усё жыццё жывучы ў рускамоўным асяроддзі, не забыў роднай мовы, піша на ёй вершы! Можна сказаць, што Генадзь Іванавіч – прыклад адданасці ўсяму роднаму, беларускаму. Ды як можна не ўшанаваць такога чалавека?!

ГІСТОРЫЯ, ДАСТОЙНАЯ ГАЛІВУДА

Генадзь Нічыпар першы раз пакінуў радзіму ў 5-гадовым узросце. Яго бацька незадоўга да верасня 1939 года быў прызваны ў Войска Польскае. Калі Гітлер напаў 1 верасня на Польшчу і пачалася Другая сусветная вайна, пра лёс бацькі сям’я нічога не ведала. Хутчэй за ўсё яго вайсковая часць трапіла ў акружэнне. Нічыпару-старэйшаму ўдалося выжыць і яшчэ стаць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, восенню 1945 года вярнуцца жывым у Бібікі. Разам са сваім малодшым братам, прызваным у Чырвоную Армію летам 1944-га. Радасці бацькоў абодвух салдат не было межаў. А вось Іван балюча перажываў, што жонка з сынам, не маючы аб ім звестак, пакінулі радзіму і выехалі на Урал яшчэ ў 1940 годзе. Час ішоў, рубцаваліся раны на целе і ў душы, бацька Генадзя ажаніўся. А сын, разам з матуляй перажыўшы страшныя і галодныя гады вайны, у 1947 годзе нечакана з’явіўся ў Бібіках. Справа ў тым, што ў Беларусь ехала грабаўская жанчына з малым дзіцём, і ёй патрэбна была дапамога ў дарозе. Гена вельмі хацеў убачыць сваіх бабуль-дзядуль і папрасіўся ў матулі быць спадарожнікам маладой жанчыны. Пра тое, што жывы бацька, ён і не здагадваўся.

І вось 1 красавіка хлапчук уваходзіць у Бібікі, шукае хату, якую пакінуў 7 гадоў таму. У памяці надзейная прыкмета: вялікі камень каля ганка. Вось і знаёмы двор, на якім мужчына сячэ дрэва. Сэрца ў хлапчука гатова вырвацца з грудзей: няўжо бацька? А той, прын я ў ш ы хлопца за жабрака (а іх было шмат пасля вайны, накіроўвае яго ў хату: «Зайд зі, там табе нешта дадуць». У гэты час у двор увахо д з я ц ь мужчыны, якія ўжо заўважылі хлапчука і здагадаліся, хто ён. «Дык гэта ж Гена, твой сын!» – кажуць.

…Вось такой была першая сустрэча бацькі з сынам пасля доўгай разлукі. Можна не казаць, што Генадзь расхацеў вяртацца на Урал. А тут яшчэ зацвілі сады! Яны зачаравалі падлетка раз і назаўсёды. (Шмат гадоў пазней ужо дарослым чалавекам ён пісаў сябру дзяцінства: «Няма нічога прыгажэй за квітнеючы сад. Не, не прыгажэй, а дзівосней!».

І хлопчык напісаў маме, што хоча застацца на радзіме. Пасля доўгіх ваганняў матуля згадзілася…

ЧАТЫРЫ ГАДЫ ВУЧОБЫ І ПАЗНАННЯ РАДЗІМЫ

Восенню Гена пайшоў у школу. Спачатку было складана запамінаць новыя тэрміны па матэматыцы і іншых прадметах, але здольны падлетак хутка ўсё засвоіў і ўжо да канца першага года навучання стаў прыкладам для аднакласнікаў. Бібіцкую школу наведвалі тады дзеці з некалькіх навакольных вёсак. Хто адкуль – зразумець было няцяжка:

Як Ламекі – з Марачэй,
Сарвасы – дык з Крывічэй,
Сіцькі, Скібы – з Даўгаполіч,
З Бібік большасць – Канановіч.. (Школа)

Генадзь сябраваў з усімі аднагодкамі, але асабліва прывязаўся да Карла Канановіча і Гардзея Рудога. З імі пасвіў на межах коней, хадзіў у грыбы, плаваў у Зяльвянцы, адмываючы «шкарпэткі» і «панчохі» пасля пераходу цераз балота.

Чулая душа хлопца ўбірала ў сябе ўсё, што бачыў і чуў: назвы узгоркаў, палёў, легенды і паданні, расказаныя блізкімі людзьмі завейнымі зімнімі вечарамі, фіксавала штодзённыя і святочныя стравы сялян, даўнія і навейшыя традыцыі:

Некалі, яшчэ дзядамі,
Быў утвораны парадак:
Ад каровіных «аладак»
Па суботах і прад святам
Дзяркачамі брук заўзята
Паскрабуць, каб было чыста,
І прыгожа, і ўрачыста.

(«Бібікі»)

Запомніў на ўсё жыццё асаблівасць гаспадынь ва ўжыванні «стратэгічных прыпасаў – сала, кумпякоў, каўбас», бо іх трэба было «расцягнуць» на цэлы год: На сям’ю адна свіняка, Аж на цэлы год прысмака.

На сям’ю адна свіняка, Аж на цэлы год прысмака. («І люблю жа я капусту»)

Паколькі абое бацькоў былі родам з Бібік, Гена мог свабодна жыць то ў адной, то ў другой бабулі. Вяртаючыся ад Скібаў да Нічыпараў ці наадварот, любаваўся начным небам, задумваўся аб сваім лёсе:

Зоркі, зоркі зіхацяць.
А мая дзе? Можа, тая
Мяне з космасу вітае.
Прыгажосць і таямніца!

Можна гэтаму дзівіцца
Аж да рання…
(«Ноч»)

СТАЛАЕ ЖЫЦЦЁ НА УРАЛЕ

Здольны юнак, закончыўшы 7 класаў Бібіцкай школы, хацеў вучыцца далей. Сам ён марыў застацца ў Беларусі, але дарослыя вырашылі інакш: прыехала матуля і забрала сына ў Чалябінск. Там ён паступіў у чыгуначны тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць аператара па абслугоўванні апаратуры цягавых падстанцый і кантактных сетак. Адслужыў у войску, ажаніўся. Як чыгуначнік, меў права на льготны праезд па тэрыторыі Расіі, таму нярэдка прыязджаў на радзіму, заплаціўшы толькі за білет ад Оршы да Зэльвы. Праца, сям’я, дача – час ляцеў хутка. Да развалу СССР неяк і не заўважалася адлегласць паміж Расіяй і Беларуссю. Снежань 1991 года ўсё змяніў. А калі Генадзь Іванавіч выйшаў на пенсію, туга па радзіме авалодала ім з такой сілай, што ён… узяўся за пяро.

Там на раніцу спеў жаваронка,
Клёкат бусла там я пачуў.
Беларусь мая, родна старонка,
Да цябе я у думках лячу.
(«Там на раніцу»)

Пакуль Генадзь Іванавіч мог часта прыязджаць на радзіму, ён не спрабаваў наладжваць перапіску з землякамі. Вельмі тактоўны і ненавязлівы, ён не хацеў абцяжарваць іншых сваімі пытаннямі, пісьмамі ды званкамі. Але час ішоў, усё радзей і радзей наведваўся ён у Бібікі, таму шукаў ахвочых да перапіскі землякоў. Галоўнымі адрасатамі яго сталі Карл Антонавіч Канановіч і Аліна Тадэвушаўна Сіцько. Дзякуючы ім ён даведваецца пра ўсіх і ўсё, разам з імі цешыцца з добрых навін, разам смуткуе з цяжкіх… Ахвотна расказвае пра тых, з кім калісьці яны з матуляй рушылі ў нязведаную дарогу: асеўшых на Урале, у Казахстане, нават на Далёкім Усходзе. Усе яны моцна сумуюць па радзіме, рады кожнай вестачцы. Калі хто з іх наведваецца ў Беларусь, абавязкова дзеляцца ўражаннямі, а калі ёсць магчымасць, сустракаюцца.

Пакуль была жывой матуля Генадзя Іванавіча, ён пасля кожнай паездкі ў Беларусь ішоў да яе, сабіраў кампанію і расказваў, расказваў… На Каляды таксама традыцыйна сустракаліся ў яе доме. Генадзь Іванавіч браў з сабой «Новую зямлю» Яуба Коласа і чытаў ХХ главу – «Каляды». І хоць усе ведалі тэкст, кожны раз слухалі, як школьнікі, усклікаючы: «Ну гэта ж так, як у нашых Бібіках!»

Любоў да беларускіх пісьменнікаў у Нічыпара асаблівая. Вельмі хацелася яму, даросламу чалавеку, купіць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. У адну з паездак у Мінску заглядваў ва ўсе кнігарні – не знайшоў. У Зэльве зайшоў у дзіцячую бібліятэку і папрасіў на некалькі дзён любімую з дзяцінства аповесць. А што да Коласа – тут ужо і казаць не трэба! У яго кніжнай шафе захоўваецца коласаўская «Дрыгва» 1940-га года выдання! «Новую зямлю» лічыць шэдэўрам і раіць перакладчыкам нават не брацца пераўвасабляць яе на іншыя мовы, бо ўсё роўна немагчыма так зразумець і апець беларусаў, як гэта зрабіў Якуб Колас.

Не раз задумваецца Нічыпар, чаму яго так прыцягвае ўсё, што звязана з роднай зямлёй. У вершы «Першае жніво» ён так растлумачвае святасць і моц свайго пачуцця:

І люблю я поле, можа,
Што ў калысцы каля
збожжа
Родным дыхаў я паветрам,
Абвяваўся цёплым ветрам,
Дух зямлі мяне праймаў,
Памяць я ў душы ўтрымаў
І аб полі, і аб жыце
На усё наступна жыцце.

Родная прырода цягне яго да сябе не толькі начнымі зоркамі, садамі ды кветкамі. Як жартуе ў адным са сваіх вершаў, «памяць мае нават нос», і пах жоўтага лубіну вяртае яго ў дарагое маленства і юнацтва.

Непадалёку ад Чалябінска жыла былая настаўніца Бібіцкай школы Лідзія Тарасаўна. З ёю Генадзь Іванавіч падтрымліваў цесныя сувязі да самай яе смерці. Яна была ўдзельніцай яго «прэсканферэнцый» пасля вяртання з Беларусі. Абавязкова расказваў ёй пра настаўнікаў і вучняў школы, бо кожны раз наведваўся туды. Вельмі перажываў, калі школу з-за малой колькасці вучняў зачынілі.

Крытычна ставячыся да сваёй творчасці, Нічыпар жартуе: «Пушкін стварыў энцыклапедыю рускага жыцця 19-га стагоддзя, а я – бібіцкую энцыклапедыю 20- га стагоддзя». Але гэта і сапраўды так. Вершы Генадзя Іванавіча пераносяць нас у вёску сярэдзіны мінулага стагоддзя, і мы чуем «патэфонаў гук нязычны», бачым, «як у вальсе кружацца танцоры» «у андрулевай кватэры», «касачы ды мальвы ля хаты», і як дружна «на зажынкі ўсё сяло ідзе ўрачыста і весяло», а потым, зжаўшы жыта, не жадаючы развітвацца з даўнім звычаем, ушаноўвае «дажыначны снапок»…. І пра кінаперасоўку згадае, і пра агента, ад якога дзед Скіба спрабаваў схаваць авечку «каб паменшыўся
падатак».

УДЗЕЛЬНІКІ ПРЭЗЕНТАЦЫІ

Вяла імпрэзу ўраджэнка Бібікаў Наталля Цынс, а медыяэкранам кіравала Алена Жукоўская. Бібліятэкары вывелі на экран некалькі фотаздымкаў, зробленых Генадзем Іванавічам падчас наведвання радзімы, а таксама дадалі шэраг іншых відэаматэрыялаў. Падчас прэзентацыі вядучая давала слова прысутным: землякам Нічыпара, настаўнікам Бібіцкай школы, членам абодвух клубаў. Вершы чыталі і каментавалі Ала Бутакова, Алена Еўдакімава, Галіна Карнач, Галіна Рудая, Людміла Шышко і інш. Ад імя былых настаўнікаў выступалі Таццяна Мананнікава і Ларыса Сталпец. «Я ганаруся тым, што шмат гадоў працавала ў Бібіках, – сказала Таццяна Міхайлаўна. – Столькі цудоўных людзей са сцен нашай школы, столькі таленавітых настаўнікаў было сярод нас, што і сягоння яны радуюць зэльвенцаў сваімі поспехамі, працуюць у многіх арганізацыях раёна». Ларыса Аляксандраўна таксама з цеплынёй згадвае пра час працы ў школе. «Вельмі дружны быў калектыў і настаўнікаў, і вучняў. Паколькі школа невялікая, усе мерапрыемствы мы праводзілі для ўсіх дзяцей – і малодшых, і старэйшых. Садзілі лес, даглядалі помнік загінуўшым, папаўнялі экспанатамі музей, дапамагалі калгасу». Таццяна Міхайлаўна прачытала свой верш пра дарагую школу.

Аліна Тадэвушаўна Сіцько дапоўніла вядучых цікавымі звесткамі аб сустрэчах з Г.І.Нічыпарам. «Гэта такі добры чалавек, такі інтэлігентны, што яго любіць уся наша вёска, – сказала яна. – Я пастаралася зрабіць для Генадзя Іванавіча відэаролік, калі ён сам перастаў прыязджаць на радзіму». Іван Станіслававіч Канановіч – малодшы брат Алены, аднакласніцы Генадзя Іванавіча. Сястра часта расказвала пра школьныя гады, захаплялася здольнасцямі Генадзя. Іван Станіслававіч прачытаў адзін з вершаў Нічыпара, які вельмі нагадвае і пра іх сям’ю.

Ала Іванаўна Канановіч, нявестка Карла Антонавіча, сябра Нічыпара, паведаміла пра пісьмы Генадзя Іванавіча да свёкра. «Бацька вельмі даражыў сяброўствам з Нічыпарам, не раз расказваў пра яго нам з мужам. Зараз мы перачытваем гэтыя пісьмы і не перастаём здзіўляцца, як моцна любіў ён Бібікі і ўсіх жыхароў вёскі».

Метадыст цэнтра культуры і народнай творчасці Г.В.Коўш, якому бібліятэкары перадалі зборнік Нічыпара, будзе захоўваць яго ў музейным пакоі «Гісторыя Дзярэчына». Зараз ідзе падрыхтоўка да адкрыцця ў ім раздзела «Творчыя асобы Дзярэчына». «Мне вельмі зразумелы сум і туга Генадзя Іванавіча па радзіме, – гаварыў Генадзь Вікенцьевіч. – Сам быў пэўны час далёка ад дому. Захапляюся земляком. Ён – прыклад для многіх з нас. Паглядзіце, як ён клапоціцца пра ўсіх: і жывых, і памерлых. У вершы «Скібу мы ўжо пахавалі» гаворыць: «Я на Скібіну магільну горку роднае зямлі з яго надворку жмені дзве прывёз, рассыпаў». А для жывых не паленаваўся, прывёз серп с роднай старонкі – сувенір на памяць».

Так, вялікае сэрца мае наш зямляк, упэўнены, што «шчасця поўнага няма без радзімы».

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены