Дзень 2 лістапада каталікі прысвяцілі малітве за памерлых

Ахвяраванне святой імшой, прыняцце Святой Камуніі, шчырая супольная малітва і наведванне магілак – так зэльвенскія хрысціяне перажываюць Задушны дзень, а таксама актаву ўспаміну памерлых.

Згодна лістападаўскай традыцыі перад святой імшой вернікі сабраліся ў касцёле Святой Тройцы, каб на чале са святаром адгаварыць спецыяльную малітву за памерлых. Як і ў мінулыя гады, так і сёлета ксёндз Яцэк Маркель прысвяціў некалькі хвілін “выпамінкам” – прачытаў памінальныя запіскі з прозвішчамі і імёнамі тых людзей, якія змянілі сваё зямное жыццё на нябеснае.

Звяртаючыся да парафіян, пробашч адзначыў, што вельмі важна ў гэтыя дні паразважаць над таямніцай жыцця і смерці, над магчымасцю пакаяння праз споведзь за свае грахі, нашым абавязкам дзеля тых душаў, якія пакутуюць і чакаюць вызвалення з чыстца:

Бог – ёсць абсалютная любоў. Ён адорвае чалавека сваёю любоўю, і чалавек павінен адказваць тым жа – любоўю да Бога, да бліжняга. Грахі аддзяляюць чалавека ад Бога. І толькі праз шчырую споведзь і сардэчнае пакаянне ён можа атрымаць прабачэнне. Поўны адпуст устаноўлены Касцёлам для таго, каб цалкам зняць пакаранні, калі грэх быў прабачаны. Але Бог вырашае: ці даць гэты адпуст. Ён бачыць стан душаў, Ён з’яўляецца Суддзёй усіх рэчаў і ўсяго, што гэтыя душы ў чыстцы павінны выцерпець, і пакаранняў, якія яны павінны прайсці.

Душы ў чыстцы не могуць скараціць свае пакуты. Як тады яны могуць спадзявацца зрабіць шлях да неба хутчэйшым? Яны спадзяюцца на нас. Мы праз еднасць Містычнага Цела, праз рэальнасць Містычнага Цела маем еднасць з душамі ў чыстцы ў Касцёле. Паколькі мы можам атрымаць заслугі для іх, мы можам прасіць Пана ў сваіх малітвах і асабліва праз святую Ахвяру Імшы, каб душы ў чыстцы былі хутчэй вызвалены, каб прайшлі праз месца ачышчэння, якое зробіць іх больш годнымі прысутнасці перад Богам у Яго святой Тройцы.

На прыкладзе апосталаў Пятра і Іуды святар прадэманстраваў важнасць веры ў любоў і справядлівасць Бога:

Пасля свайго падзення, здзяйснення граху Пётр адразу пакаяўся, перед Панам папрасіў : «Прабач! Прабач!». Іўда, наадварот, не верыў у сілу пакаяння і ў тое, што Бог зможа яго прабачыць. І жыў да трагічнай смерці з думкай аб тым, што Бог не прабачыць яго. Мы павінны верыць у Божую любоў, Яго прабачэнне, жыць з надзеяй і любоўю да Пана. Таксама помніць аб нашых спачылых, аб сувязі паміж днём сённяшнім і заўтрашняй сустрэчай з Богам.

Падчас набажэнства вернікі памаліліся за памерлае духавенства, памерлых дзеячаў дзяржаў, розных сфер дзейнасці, спачылых родных і блізкіх, усіх, кто пахаваны на мясцовых могілках. А імпразаваны “цэментаж” даў магчымасць схіліць галовы ў малітве за тых, хто пахаваны далёка і магілы каго нельга ў бліжэйшы час наведаць. Сімвалічная магіла будзе знаходзіцца перад алтаром усю актаву, і кожны зэльвенец можа малітоўна падтрымаць тых, хто адышоў у іншы свет.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены