Калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва ўдзяляе асаблівую ўвагу развіццю цікавасці да роднага краю ў сваіх выхаванцаў

Дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны час для далучэння дзяцей да вытокаў беларускай народнай культуры.

Педагагічны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва ўдзяляе асаблівую ўвагу развіццю пазнавальнага інтарэсу ў сваіх выхаванцаў да роднага краю, радзімы, роднай мовы. З гэтай мэтай ва ўстанове створана прадметна-развіваючае асяродзе. У пакоі “Беларуская хатка” размешчаны прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: сурвэткі, ручнікі, гліняны посуд, драўляныя лыжкі, беларускія цацкі і лялькі. У групах абсталяваны тэматычныя куткі мастацкага слова, беларускай дзяржаўнай сімволікі, кніжныя куткі і інш.

Значную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываюць лялькі. Менавіта яны суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця. Гэта не толькі дзіцячыя цацкі, але і сімвал сувязі паміж пакаленнямі, абярэг, без якога раней не абыходзілася ніводная нагода, звязаная з пажаданнем здароўя і шчасця, зменай пары года, народнымі святамі. Нашы выхаванцы самастойна вырабляюць лялькі і адначасова знаёмяцца з традыцыямі і абрадамі продкаў. Так з’явілася цэлая калекцыя абрадавых лялек на ўсе поры года, з якой атрымаўся змястоўны гульнявы дапаможнік “Каляндар народнай лялькі”. Ён знаёміць старшых дашкольнікаў з беларускімі абрадавымі лялькамі, традыцыямі і святамі, далучае да беларускай народнай культуры, развівае маўленне. Кожны месяц пачынаецца са знаёмства з новай лялькай. У дзяцей фарміруюцца ўяўленні пра народныя святы і абрады, звязаныя з пэўным месяцам, што дапамагае авалодваць роднай мовай. У штодзённую практыку трывала ўвайшлі моўныя хвілінкі “Кожны дзень – беларуская народная казка (верш, апавяданне, гульня, прыказка, загадка)”.

Педагогі, каб зрабіць вывучэнне роднай мовы займальным і эмацыянальным, наладзіць беларускамоўныя зносіны, шырока выкарыстоўваюць у рабоце самаробныя дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні, метадычныя дапаможнікі: “Знайдзі сімвал”, “Назаві па-беларуску”, “Мая Зэльва”, “Гатуем па-беларуску” і інш. Падчас гульняў замацоўваюцца і паглыбляюцца ўяўленні пра родны край, прыроду, культуру і народную творчасць, развіваюцца камунікатыўныя ўменні, беларускамоўнае маўленне, папаўняецца слоўнікавы запас дзяцей.

Дашкольнікі ахвотна гуляюць у народныя гульні, арыентуюцца ў святах і актыўна ўдзельнічаюць у іх правядзенні. Сумеснымі сіламі педагогаў і бацькоў створаны выстава “Беларуская народная казка сваімі рукамі”, кніжкі-самаробкі, якія з вялікім захапленнем любяць “чытаць” нашы дашкаляты.

Далучэнне дзіцяці да культуры свайго народа, спадчыны продкаў выхоўвае ў іх павагу, гонар за край, у якім жывем. Тым самым пачынае расці будучы грамадзянін сваёй краіны.

Намеснік загадчыка ДЦРДз №1 г.п.Зэльва Таццяна КАРАВАЙЧЫК

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены