«Гатова заўсёды дапамагчы словам і парадай». Настаўніцкая дзейнасць и жыццё Марыі Баляславаўны Кавалевіч

“Настаўнікаў былых не бывае!” – менавіта так мне хочацца сказаць пра калегу, настаўніцу замежнай мовы Марыю Кавалевіч. Некалькі месяцаў яна ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму вядзе актыўнае “настаўніцкае” жыццё: дапамагае ўнукам, вяскоўцам, калегам, вучням і родным шчырай парадай і добрай справай. Напярэдадні свята 8 Сакавіка мы сустрэліся з Марыяй Баляславаўнай.

УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ДЗЯЦІНСТВА

– Марыя Баляславаўна, хачу пацікавіцца, чаму Вы выбралі менавіта прафесію настаўніка.

– Нарадзілася я ў вёсцы Падбалоцце ў простай сялянскай сям’і. Мае бацькі заўсёды з вялікай павагай адносіліся да настаўнікаў. Сярод нашай вялікай радні ёсць і тыя, хто паказаў мне прыгажосць гэтай прафесіі. Ды і настаўнікі, якія сустракаліся на маім жыццёвым шляху ў школах, дзе я вучылася, былі сапраўднымі прафесіяналамі і таксама паўплывалі на мой выбар.

Мне лёгка даваліся ўсе прадметы, але асаблівую цікавасць я праяўляла да нямецкай мовы. Ужо ў 7 класе вырашыла, што буду паступаць у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, таму ў старэйшых класах завочна займалася на курсах пры гэтай установе.

ШКОЛЬНІЦА, СТУДЭНТКА, АКТЫВІСТКА…

– Сённяшнія вучні маюць усе магчымасці шырока развіваць свае здольнасці. А як было раней?

– Я лічу, што ўсё залежыць ад самога чалавека і ад сям’і. Маёй апорай заўсёды былі мама і тата: падтрымлівалі мае інтарэсы, не шкадавалі ні сіл, ні матэрыяльных сродкаў, падштурхоўвалі да ўсяго новага. Мне і самой хацелася пазнаць як мага больш, развіваць сябе: шмат чытала, актыўна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах і мастацкай самадзейнасці, займалася рукадзеллем, спрабавала пісаць вершы, была лідэрам піянерскай і камсамольскай арганізацый, прычым выдатна паспявала па ўсіх прадметах. Цікава і змястоўна праводзіла летні адпачынак у піянерскіх і спартыўных лагерах, рэспубліканскім лагеры “Зубраня”.

– Не сумняваемся, што і студэнцкае жыццё было такім жа насычаным.

– Я па натуры вельмі актыўны чалавек і, паступіўшы ў інстытут, зноў адчула жаданне быць у эпіцэнтры ўжо студэнцкага жыцця. З самага пачатку вучобы мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі групы; я прадоўжыла займацца спартыўнай гімнастыкай (пачынала яшчэ ў школе), спявала ў інстытуцкім хоры. Заўсёды старалася правільна размяркоўваць свой час, пагэтаму магла яшчэ наведваць і факультэт грамадскіх прафесій, шмат чытала як на роднай, так і на замежных мовах. Асноўную ўвагу ўдзяляла нямецкай і англійскай мовам, бо яны патрабавалі асаблівых намаганняў.

– Народная прымаўка ”Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася” вельмі вам дарэчы. Ці не так?

– І сапраўды. Таму што я вельмі люблю сваю маленькую радзіму, землякоў, ганаруся славутасцямі Зэльвеншчыны. Марыла вярнуцца ў сваю “новую” Князеўскую школу, дзе вучылася апошні год, – і мне пашчасціла: прапрацавала ў ёй 11 гадоў. Хацелася прыйсці на змену тым настаўнікам, якія далі мне пуцёўку ў жыццё. І, наогул, быць карыснай той зямлі, якая давала і дае мне сілы. Ды і першае каханне сустрэла менавіта ў роднай вёсцы. Тут і пазнала шчасце мацярынства: нарадзіўся сынок.

НАСТАЎНІКАМ ТРЭБА НАРАДЗІЦЦА

– Я шмат гадоў ведаю Вас як цудоўнага чалавека, але яшчэ лепш ведаю як прафесіянала сваёй справы. Ці былі Вы, Марыя Баляславаўна, шчаслівай у выбранай прафесіі?

– Магчыма, я нарадзілася ўжо з прадвызначанай Богам жыццёвай дарогай. Працавала з радасцю і захапленнем, аддавала ўсю сябе любімаму прадмету (нямецкай мове) і вучням, адказна рыхтавала дзяцей да экзаменаў і ЦТ, з задавальненнем выконвала абавязкі класнага кіраўніка, а яшчэ і кіраўніка школьных музеяў у Ялуцавіцкай і Князеўскай школах. Даводзілася быць намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, некалькі гадоў кіраваць раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў замежных моў. Шмат гадоў арганізоўвала для вучняў гурток польскай мовы. Для павышэння прафесійнага майстэрства набіралася вопыту у абласным і рэспубліканскім інстытутах павышэння кваліфікацыі, а таксама ва ўстановах Польшчы і Германіі. Сёння вельмі прыемна атрымліваць словы падзякі ад былых вучняў, цешыцца іх дасягненнямі. Ганаруся і тым, што мне, як кіраўніку музея “Жанчыны-маці”, паэтка-зямлячка Галіна Тарасік прысвяціла шчырыя і вельмі пранікнёныя вершаваныя радкі. Я шчаслівая, што маю магчымасць жыць на роднай зямлі і прыносіць ёй і людзям пасільную карысць. Неаднаразова мая праца была адзначана Ганаровымі граматамі як раённага, так і абласнога ўзроўняў.

ПРОСТАЕ ЧАЛАВЕЧАЕ ШЧАСЦЕ

– Марыя Баляславаўна, я ўпэўнена, што Вы і зараз застаецеся настаўнікам у душы. Ці не так?

– Так, я амаль кожны дзень пражываю як настаўніца: абмяркоўваю са сваёй студэнцкай сяброўкай пытанні выкладання замежнай мовы, змяненні і новаўвядзенні ў сістэму адукацыі, дапамагаю выконваць хатнія заданні па англійскай мове сваёй старэйшай унучцы, кансультую яе па незразумелых пытаннях. Не абдзяляю ўвагай і малодшую ўнучку: адольваем разам навыкі чытання, пісьма і вылічэння. Дыстанцыйна з імі заўсёды на сувязі. Цікаўлюся духоўнымі каштоўнасцямі, падзеямі ў краіне і свеце. Гатова заўсёды дапамагчы словам і парадай.

– Дзякуй Вам за сустрэчу і размову. Няхай першае вясновае свята напоўніць Ваш дом цяплом, святлом і толькі добрымі навінамі. Дарэчы, дзе плануеце сустракаць 8 Сакавіка?

– Звычайна адзначаем свята ў сваёй сям’і. Але апошнія 10 гадоў сустракаемся ў гэты святочны дзень у Гродне, дзе жыве сям’я майго сына. Для мяне гэта самы шчаслівы падарунак – абедзве ўнучкі нарадзіліся напярэдадні 8 Сакавіка. Карыстаючыся магчымасцю, я віншую нявестку і ўнучак, калег, сябровак і ўсіх жанчын з першым вясновым святам!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Князеўскай СШ
Антаніна СКУБА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены