Вітаем Збаўцу! Зэльвенскія каталікі святкуюць Вербную нядзелю

Сёлета 10 красавіка вернікі каталіцкага веравызнання адзначаюць адну з важнейшых падзей у жыцці Езуса – урачысты ўваход Хрыста са сваімі вучнямі ў Іерусалім. У знак таго, як народ пальмовымі галінкамі вітаў Збаўцу, праз стагоддзі прынята асвячаць вярбу. Па шматгадовай традыцыі парафіяне касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва прыйшлі ў святыню з прыгожымі вербачкамі.

Кожнага прысутнага на нядзельнай імшы перапаўняла пачуццё радасці, так як ён адкрыў сваё сэрца насустрач Пану. Адначасова і смутак, бо нельга быць раўнадушным да Евангельскіх падзей, якія адбываліся хутка пасля ўрачыстага ўваходу Хрыста ў горад.

Сімвалічна святочная імша распачалася на прыкасцельнай пляцоўцы, дзе пад спеў касцельнага хору ксёндз Яцэк Маркель асвяціў вербныя галінкі.

Набажэнства прадоўжылася ў храме разважаннямі над урыўкам з Евангелля, успамінам “Нядзельных Мук Пана”. Увага вернікаў была скіравана на некалькі важнейшых момантаў: перамога Езуса і Яго ахвяра звязаны паміж сабой неразрыўна, Сын Божы ахвяраваў сваё жыццё ў імя адкуплення грахоў свету, Ён выканаў вызначанае прароцтва.

З Вербнай нядзелі распачынаецца Вялікі тыдзень, час падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня, – адзначыў ксёндз Яцэк. – Нягледзячы на тое, што неабходна прыбрацца ў хатах, падрыхтаваць шмат страў на велікодны стол, вернікі павінны знайсці час, каб годна перажыць Пасхальны Трыдыум, духоўна падрыхтавацца да Пасхальнай Вігіліі.

На працягу імшы разносіўся цудоўны спеў гімнаў, у якіх праслаўляўся Збаўца і які ўзрушаў душы веруючых людзей.

Пасля літургіі каталікі з найлепшымі пажаданнямі віншавалі адзін аднаго.

У Вербную нядзелю вернікі благаслаўляюць галінкі ў памяць аб тых пальмовых, якімі людзі віталі Хрыста, – кажа Вольга Жамойціна. – Галінкі – гэта сімвал трыумфу, справядлівасці і мудрасці. Але найперш, гэта сімвал адраджэння жыцця, неўміручасці душы і яе ўваскрасення. Вербніца пабуджае задумацца над бясконцай Божай любоўю, сэнсам нашага жыцця. Прывітаем Пана ў сваіх душах, сэрцах і дамах!

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены