Хрыстус уваскрос! Зэльвенцы дзеляцца велікоднай радасцю

Вялікая Субота. На працягу дня вернікі прыбывалі ў смутку і жалобе, прысвячалі час малітве каля гробу Пана, разважаючы пра Яго муку і смерць, сыход у адхлань. Вечарам сабраліся ў касцёле на Пасхальную вігілію.

У Вялікую ноч хрысціяне зэльвенскай парафіі перажывалі некалькі пачуццяў: горач за тыя пакуты, на якія быў абраны Хрыстус, і радасць ад таго, што Ён перамог смерць і ўваскрос. Кожны прысутны на адной з важнейшых вігілій літургічнага года адчуваў і гонар: праз некалькі хвілін будзе адноўлены Сакрамэнт хросту. Дарэчы, кожная частка літургіі – святла, слова Божага, Хросту, Эўхарыстычная – абвяшчала важнейшыя падзеі збаўлення. І кожная частка скіроўвала думкі да Хрыста.

Разважанні вернікаў супадалі з тымі падзеямі, якія адбываліся ў святыні. Напачатку пагасла святло. Святар, стоячы перад касцёлам, благаславіў агонь, потым запаліў пасхал – вялiкую свечку, сiмвал уваскрослага Хрыста. Затым працэсія ўнесла пасхал у касцёл. На тройчы прамоўленыя ксяндзом Яцэкам Маркелем словы: «Святло Хрыстова» вернiкi з удзячнасцю адказалі: «Дзякуем Богу» і запалілі ад пасхалу свае свечкi. Загучала пасхальнае пасланне, гiмн хвалы, у якім услаўляецца ўваскрослы Хрыстус і якога сiмвалiзуе запаленае святло ў руках кожнага прысутнага на імшы.

Дзясяткі хрысціян уважліва слухалі чытанні Святога Пісання, якое на вігілію складаецца з некалькіх урыўкаў са Старога Запавету і ўрыўку з Евангелля.

Пасхальная свечка – сімвал Змёртвыхпаўсталага Езуса, сімвал нашай веры ў Яго, – звяртаючыся да вернікаў, падкрэсліў пробашч. – Свечка ў руках кожнага з вас – гэта праменьчык да Пана. Ён павінен быць напоўнены любоўю да Бога і людзей. Святло Хрыстова павінна жыць у душах хрысціян, пабуджаць да веры, міласэрнасці. Давайце ўслаўляць уваскрослага Езуса, давайце несці святло веры, святло божай дабрыні.

Спеў радаснага “Alleluja!” у выкананні касцельнага хору падхапілі ўсе парафіяне.

Узрушана прайшла і літургія хросту. Пасля благаслаўлення вады, святар акрапіў ёю вернікаў і асвяціў прынесеную імі ваду (па прычыне эпідсітуацыі вада другі год у касцёле ў вялікіх аб’ёмах не благаслаўляецца). Затым адбылося аднаўленне абяцанняў сакрамэнту хросту. Усё гэта нагадала аб хрышчэнні i аб вернасці Хрысту.

Радасны момант настаў: вернікі ўславілі ўваскрослага Езуса велiкоднымі спевамі і гімнамі.

Пасля таго, як святар зачытаў віншавальныя лісты, дасланыя біскупам Аляксандрам Кашкевічам, старшынёй райвыканкама Дзянісам Альшэўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вадзімам Панасікам, ён выказаў свае велікодныя пажаданні:

Жадаю, каб кожны з вас годна нёс святло Хрыста, каб людзі маглі падтрымліваць адзін аднаго, каб шчыра дзяліліся сваёй верай з бліжнімі і роднымі. Шануйце найвялікшыя чалавечыя каштоўнасці – дабро, любоў і міласэрнасць! Будзьце чулымі і спагадлівымі хрысціянамі, такімі, якімі патрабуе быць наша вера!

Вiгiлiйная імша завяршылася ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсiяй вакол храма, пад час якой пранеслі сiмвал уваскрасення – фiгурку Хрыста і крыж, Найсвяцейшы Сакрамэнт. Прыгожы велiкодны спеў абвясціў на ўсю мясцовасць радасную вестку: “Вясёлы дзень настаў! І мы праслаўляем цябе, Божа!”.

“Хрыстус уваскрос! Сапраўды уваскрос!” – падзяліліся вернікі паміж сабой найлепшымі пажаданнямі.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены