Жыццёвы шлях зэльвенца Станіслава Сідорка

Герой нашага сённяшняга аповеду – Станіслаў Вацлававіч Сідорка, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, адкрыты для дыялогу, вядомы многім зэльвенцам як паспяховы кіраўнік калгаса “Бальшавік”у 90-я гады 20-га стагоддзя.

СТАЛЕННЕ

С.В.Сідорка – ураджэнец вёскі Падбалоцце, другое дзіця ў сям’і Вацлава Іванавіча і Юзэфы Іванаўны, карэнных жыхароў вялікай працалюбівай вёскі. Станіслаў рана пачаў дапамагаць бацькам і дома, і на месцах іх працы. Не дзяліў абавязкі на мужчынскія і жаночыя, быў апорай там, дзе ўзнікала патрэба ў яго ўмелых руках. Рана навучыўся даіць карову, нават і маме-даярцы дапамагаў на ферме.

Усе чацвёра дзяцей Сідоркаў добра вучыліся спачатку ў Падбалоцкай васьмігодцы, а потым у Крамяніцкай сярэдняй школе. Інтарэсы ў кожнага былі свае. Напрыклад, старэйшая сястра Ганна не сумнявалася, што будзе настаўніцай. (Былыя вучні Мадзейкаўскай і Зэльвенскай сярэдняй школы №3 добра памятаюць выкладчыцу матэматыкі Ганну Вацлаваўну Аўдзейчык). А Станіслаў старэйшых класах школы канчаткова вырашыў, што парываць сувязь з зямлёй, на якой усё жыццё шчыравалі бацькі, не будзе.

Пабаяўшыся вялікага конкурсу ў сталічным інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, падаў дакументы ў Жыровіцкі саўгас-тэхнікум. Час вучобы і практыкі пацвердзіў, што выбар спецыяльнасці не быў памылковым. Вучыўся з вялікай ахвотай, быў прыкладам для іншых студэнтаў.

ПЕРШЫЯ ПРАФЕСІЙНЫЯ КРОКІ

Атрымаўшы дыплом тэхніка-электрамеханіка, малады спецыяліст у 1979 годзе прыязджае ў Крывічы – цэнтр калгаса “Бальшавік”. Як такой гаспадарка пачала існаваць зусім нядаўна, аб’яднаўшы ў адно два калгасы: “Іскра” і імя Коласа. Працаздольных у сямі вёсках узбуйненага калгаса было каля трохсот чалавек, з якіх амаль трэць – маладыя людзі да 30 гадоў.

Станіславу Вацлававічу спа- дабалася ў Крывічах. Тут паспяхова функцыянавалі Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, Дом быту, магазін – усё, што патрэбна кожнаму з нас. Самымі напружанымі былі першыя месцы работы. Прыехаў у калгас вясной, калі ў разгары ўсе палявыя работы, і тэхніка павінна быць падрыхтавана да штодзённай двухзменнай працы. Грунтоўна правяраў кожны трактар, груза- вы аўтамабіль, камбайн. Наладзіў кантакт з адказным за пастаўку запчастак, са станцыямі тэхнічнага абслугоўвання сельгастэхнікі, якія займаліся рамонтам аўтамашын і трактароў. Работы хапала, а тут яшчэ моладзь выбрала энергічнага тэхніка- электрамеханіка сваім важаком. Тут ужо і з установамі культуры тэрмінова трэба было сувязі наладжваць. Шмат цікавых спраў ладзілі камсамольцы на чале сасваім важаком: арганізоўвалі су стрэчы з ветэранамі, даглядалі за станам тэрыторый каля помніка, гуртаваліся ў спартыўныя каманды, удзельнічалі ў мастацкай са- мадзейнасці і г.д.

ГАЛОЎНЫ ІНЖЫНЕР НОВАБУДОЎЛІ

У 1981 годзе на тэрыторыі калгаса, каля вёскі Калона Сінайская, пачалося будаўніцтва міжгаспадарчага прадпрыемства. Станіслава Вацлававіча накіроўваюць туды галоўным інжынерам. І гэта ўжо не камсамольскае даручэнне, а партыйнае: малады спецыяліст стаў членам КПСС. Памеры будоўлі былі вельмі значнымі. Завод для выпуску травяной мукі, склады, падсобныя аб’екты, кантора для будучага калгаса, рамонтныя майстэрні, гаражы, домікі для будучых работнікаў і калгаснікаў. Хоць і нялёгка было, але вельмі цікава. Гэта ж якая перспектыва для маладых вырысоўвалася!

Работа ладзілася, асабістае жыццё – таксама: Станіслаў Вацлававіч ажаніўся і атрымаў кватэру ў адным з домікаў, пабудаваных не без яго ўдзелу. Пасля заканчэння будоўлі ў Калоне Сінайскай арганізаваўся калгас “Зяльвянка”.

І сакратаром партыйнай арганізацыі стаў Сідорка. Не марыў тады аб зменах у жыцці, але… давялося падпарадкавацца партыйнай дысцыпліне і на два гады пераехаць бліжэй да Слонімскага раёна – у саўгас імя ХVІІІ партз’езда. Адзіны ў раёне саўгас высокімі паказчыкамі не радаваў, але не таму не прыкіпеў да яго сэрцам намеснік дырэктара гаспадаркі Станіслаў Вацлававіч. Сэрца яго заставалася там, у Крывічах ды Калоне Сінайскай. Як адчуваў, што лёс абавязкова верне яго ў дарагія мясціны. І сапраўды, у студзені 1988 года атрымаў прапанову ўзначаліць калгас “Бальшавік”.

«ВЯРТАННЕ Ў СВОЙ “ВЫРАЙ”

Згадзіўся адразу, хоць добра ведаў: калгас па асноўных паказчыках знаходзіцца ў ліку апошніх у раёне. Пры назначэнні некаторыя раілі пачынаючаму старшыні змяніць галоўных спецыялістаў на “сваіх”. Не згадзіўся. “Сам убачу, з кім буду працаваць, а з кім давядзецца развітацца”, – адказаў дарадчыкам. І практычна нікога са спецыялістаў вышэйшага (ды і сярэдняга) звяна не звольніў з працы. Сабраў усіх, кожнаму даў слова, папрасіў прааналізаваць стан спраў у кожным падраздзяленні, прапанаваць свае крокі па выпраўленню становішча. Мы павінны дзейнічаць адной камандай. Толькі тады зможам разлічваць на поспех”, – падвёў вынікі размовы Сідорка.

Паціху-паціху справы сталі наладжвацца. І ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, і ў тэхнічным абслугоўванні ўсіх работ. Неяк незаўважна і сталі адной дружнай камандай, якой не страшна брацца за самыя адазныя справы. І ў першую чаргу яе ядром сталі галоўныя спецыялісты: В.В.Супрун (аграном), С.П.Хвясько (ветурач), М.П.Стасюкевіч (заатэхнік), С.В.Шышлоўскі (інжынер), П.Ф.Махнач (бухгалтар), Я.Ф.Мазур (эканаміст).

Не падводзілі і кіраўнікі ўчасткаў, ферм, майстэрняў. Станіслаў Вацлававіч і сёння ўдзячны за падтрымку У.М.Сонцу, Л.С.Сабуцю, В.М.Шышлоўскаму, Н.А.Патап, А.У.Масюк, М.П.Халецкаму, Г.І.Чарняўскай, П.У.Пазняку, Г.І.Лешчыку і іншым спецыя- лістам сярэдняга звяна. Менавіта ад іх залежала зладжаная штодзённая праца даярак, даглядчыкаў, трактарыстаў, камбайнёраў, рамонтнікаў, паляводаў. На клопат аб сабе працавітыя “бальшавікі ” і “бальшавічкі” адказвалі самааданай працай. Усё часцей у раённых зводках з’яўляліся імёны даярак Г.У.Біялт, Т.П.Кіячка, К.С.Ракевіч, Н.Я.Рах, М.В.Сліж, В.І.Гербік, адзінага ў калгасе дояра-мужчыны В.І.Яўсейчыка, даглядчыкаў буйной рагатай жывёлы і пастухоў М.І.Тарарука, М.І.Дудко, А.І.Супруна, Л.М.Майсюка, цялятніц І.А.Сарвас, П.І.Мазоль.

Праўленне калгаса старалася адзначаць лепшых працаўнікоў падзякамі і грашовымі прэміямі, прадстаўляла да вышэйшых узнагарод. Напрыклад, у 1996 го- дзе даглядчык М.І.Тарарук быў удастоены Ганаровай граматай райвыканкама. (Не раз узнагароджваўся і сам старшыня).

Высокапрафесійным быў склад механізатараў і вадзіцеляў. Напэўна, не ўсіх зараз згадае Станіслаў Вацлававіч, бо пералік іх быў бы вельмі доўгім. Сяргей Грынцэвіч, Андрэй Жукоўскі, Мікалай Германовіч, Мікалай Клюкач, Мікалай Пачабыт, Віктар Супрун, Віктар Равінскі, Генадзь Пачабыт, Сяргей Шалястовіч, Мікалай і Сяргей Снітко, Святаслаў Баброўскі і г.д. былі клапатлівымі гаспадарамі сваіх трактароў і аўтамабіляў, выконвалі і перавыконвалі даведзеныя планы. Даказвалі сваё майстэрства на раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Напрыклад, Сяргей Іваноў прыняў удзел у абласным спаборніцве механізатараў, стаў прызёрам сярод уладальнікаў трактароў маркі Т-150 К.

У гарачы час жніва наступалі на пяты перадавікам камбайнеры “Бальшавіка” В.В.Жабрак і У.У.Клюкач, спраўляліся з сушкай зерня на КЗС Ю.А.Макарэвіч і У.М.Афонін. Радавалі поспехамі буракаводы Людміла Галаўко, Таццяна Сабуць, Наталля Дэйкала, Яніна Боцька, Антаніна Дэйкала. Нават пенсіянеры не сядзелі дома, актыўна дапамагалі на тых участках, дзе працавалі да выхаду на заслужаны адпачынак. (Дарэчы, праўленне калгаса не крыўдзіла пенсіянераў: ім бясплатна выдзялялі па 100 кг зерня для вядзення падсобнай гаспадаркі).

Не злічыць штодзённых клопатаў старшыні і яго каманды ва ўсе поры года. Кожны перыяд выкарыстоўваўся так, як належыць. Зімой актыўна рыхтавалі зямлю і тэхніку да самай гарачай пары ў жыцці сялян: вывозілі на палі арганіку, рэканструявалі майстэрні і строга прытрымліваліся графіку “лячэння” машын і прылад. Клапаціліся аб набыцці элітнага насення.

А колькі энергіі і затрат ішло на як бы “другасортныя” і “нестаршынёўскія” праблемы! Але ж хіба стан дарог ды вёсак калгаса можа не хваляваць?! Здароўе калгаснікаў не браць пад увагу? Школы, клубы і бібліятэкі пакінуць на прэрэгатыву сельскага Савета? Не заглядваць у Дом быту, не ведаць пра іх прабле- мы? – І так штодзённа.

Не скардзіліся на няўвагу да сябе ветэраны вайны, вязні, сем’і загінуўшых. У гэтыя гады іх, дзякуй Богу, было яшчэ шмат. Іх запрашалі як ганаровых гасцей на калгасныя сходы, забяспечвалі ўсім неабходным для дастойнага жыцця, сустрэчы з імі арганізоўваліся ў школах, клубах і бібліятэках. Партрэты І.М.Скібы, М.А.Русака, М.І.Біялта, І.В.Пачабыта, П.П.Серады, А.М.Паваліхінай, А.П.Гаеўскай, Г.М.Шышко і інш. упрыгожвалі стэнды ў школах і ўстановах культуры. Кожны школьнік ведаў кавалераў ордэнаў Славы Мікалая Іванавіча Біялта, ордэна Айчыннай вайны Мікалая Антонавіча Русака гэтак жа, як і вядомых герояў Савецкага Саюза Зою Касмадзям’янскую ці Аляксандра Матросава.

ЖЫЦЦЁ Ў НОВЫМ СТАГОДДЗІ

Вось ужо 20 гадоў прайшло з часу развітання з “Бальшавіком”. Зараз Станіслаў Вацлававіч працуе ў фірме “Новгрод”, якая мае два цэхі – лесапільны і мэблевы. Калектыў невялікі, але высокапрафесійны. Праблем дастатокова, бо вельмі ж высокія цэны на лес, што, вядома, моцна ўплывае і на цэны прадукцыі прадпрыемства. “Пакуль працуем, – гаворыць Станіслаў Вацлававіч, – а там будзе відаць. Справу па душы можна заўсёды знайсці. Тым болей, што і ўнукі не дадуць сядзець без работы”.

Так, у Станіслава Вацлававіча і Валянціны Генрыхаўны шэсць унукаў, якіх ім падарылі сыны Дзмітрый і Юрый. Пры гэтым чатыры хлопчыкі. “Не прападзе наш род”, – упэўнены Станіслаў Вацлававіч. А ці не гэта галоўнае ў жыцці кожнага з нас?!

Яніна ШМАТКО

P.S. На фота: рабочыя моманты з удзелам С.В.СІДОРКІ (здымкі добра захаваліся і займаюць адно з галоўных месцаў у сямейным архіве).

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены