У святочны дзень 8 Сакавіка зэльвенскія каталікі ўсклалі свае малітвы за жанчын

“Маці Божая Нястомнай Дапамогі, падтрымлівай у патрэбах і дапамагай жанчынам у штодзённым жыцці”,  з такімі словамі схілілі галовы перад абразом парафіяне касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ў Міжнародны жаночы дзень. У свята ранішняе набажэнства распачалося са шчырай і сардэчнай малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як адзначыў ксёндз Яцэк Маркель, дзень 8 сакавіка прыпадае на строгі перыяд посту, у якім забараняюцца гучныя гулянні, але не павіншаваць цудоўную палову чалавецтва мужчыны не маюць права. І найлепшым падарункам будзе сумесныя прысутнасць на імшы, малітва да Маці Божай і просьбы, каб сэрцы людскія напаўняліся даверам і любоўю да Бога.

Асаблівае хараство святочнай дзеі надавалі разважанні над урыўкам з Евангелля, прыманне Цела і Крыві Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, агульны прыгожы спеў вернікаў.

Духоўная атмасфера напоўнілася нотамі вясновага свята, калі пробашч прапанаваў прысутным на імшы мужчынам падняцца і заспяваць ў гонар жанчын. Усмешкі на тварах веруючых сведчылі аб тым, што падарунак ім спадабаўся.

Заўсёды прыходжу ў касцёл трошкі раней, чым пачынаецца набажэнства, – кажа Вольга Сачок. – У гэты час адгаворваецца літанне да Маці Божай. Кожную сераду парафіяне маюць магчымасць скласці свае просьбы да Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У сённяшні дзень мы ўсклалі да Яе свае індывідуальныя просьбы і сардэчную ўдзячнасць. Хочацца верыць, што наша Заступніца і Апякунка заўсёды будзе з намі побач, атуліць нас і нашых родных ад розных бедаў і няшчасцяў. Усім сэрцам пакорна прашу, каб Багародзіца адорвала сваёй шчодрасцю і ўзяла пад апеку ўсіх жанчын Зэльвеншчыны, Беларусі і ў цэлым усяго свету.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены