Галоўнае крэда сям’і Каваленяў з Зэльвы: быць заўсёды i ўсюды разам

У сям’і Наталлі Мікалаеўны і Віктара Мікалаевіча Каваленяў падрастаюць трое дзетак: дзяўчынка і двое хлопчыкаў.

Шасцікласніца Ангеліна – прыклад для малодшых братоў. Яна не толькі з задавальненнем вучыцца ў гімназіі, але і ў школе мастацтваў паспяхова авалодвае азамі жывапіснай справы. У мінулым годзе заняла першае месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове, зараз працягвае паглыбляць вывучэнне роднай мовы. А ў школе мастацтваў разам з іншымі рыхтуецца да конкурсу малюнкаў, які штогод ладзіць настаўніца Жанна Еўтухоўская для выяўлення найбольш здольных навучэнцаў. Дзяўчынка – вельмі арганізаваны чалавек: без напамінання сядае за ўрокі, шукае дадатковы матэрыял па любімых прадметах, з задавальненнем дапамагае маме і брацікам. Чацвёртакласнік Арцемій, як і сястрычка, – навучэнец школы мастацтваў. Толькі выбраў сабе другі занятак: ён – танцор. З задавальненнем удзельнічае ў канцэртах і конкурсах, цешыць маму з татам узнагародамі за ўзорныя выступленні.

Артур стане школьнікам у наступным годзе. А пакуль без праблем падымаецца ранкам разам са старэйшымі і бяжыць у садок. Любіць жарты, вечарам ахвотна расказвае пра ўсе падзеі мінулага дня. Вечары ў сям’і Каваленяў любяць усе. Можна і сур’ёзныя праблемы вырашыць, і пажартаваць з саміх сябе, калі нешта не атрымалася з задуманага. Усе разам рыхтуюць вячэру, кожны знае свае абавязкі. Арцемій, напрыклад, вялікі аматар накрыць стол і ўпрыгож ы ц ь я г о якой-небудзь дэталькай.

У нядзельныя і святочныя дні ўсёй сям’ёй ідуць у царкву. Ахвотна, без прымусу. Старэйшыя дзеці ўжо знаёмы з азамі хрысціянскай веры, асноўнымі малітвамі, бо наведвалі (Ангеліна) ці наведваюць (Арцемій) урокі ў нядзельнай школе. Ангеліна прымала ўдзел у “Каложскім благавесце”, чым вельмі парадавала не толькі бацькоў, але і бабуль-дзядуляў. Кавалені – штогадовыя ўдзельнікі эказлётаў, што праводзіць протаіерэй Георгій Субаткоўскі ў жывапісных мясцінах Зэльвеншчыны.

Летам Кавалені бяруць з сабой дзяцей у невялікія турпаходы ці арганізуюць начлег у палатках, знаёмяць з прыродай і гісторыяй краю. Увогуле, лета для дзяцей праходзіць вельмі актыўна. На гасцінным двары Віктара Мікалаевіча і Наталлі Мікалаеўны, бывае, збіраецца чалавек 10-15: дзеці і ўнукі суседзяў. Там заўсёды шумна і весела. Суседкі здзіўляюцца з цярпення бацькоў: яны не толькі не праганяюць “чужых” дзяцей, наадварот, заахвочваюць іх да агульных забаў. Для малых дзетак – пясочніца, для старэйшых – валейбольная пляцоўка. А занепагодзіцца – Наталля Мікалаеўна палатку вынесе. Не баіцца гаспадыня рабіць заўвагі, калі пачуе кепскае слова з вуснаў якога-небудзь хлапчука. І дзеці стараюцца сачыць за гутаркай, каб мець магчымасць штодня прыходзіць у дружны вясёлы калектыў.

Наталля Мікалаеўна – ініцыятар пастаянных “сустрэч пакаленняў”. Нярэдка можна заўважаць, як у сем’ях “дзе- ляць” бацькоў на мужавых і жончыных. У Каваленяў не так. З першых месяцаў замужжа Наталля Мікалаеўна з аднолькавай павагай ставіцца як да сваіх, так і да мужавых бацькоў. Больш таго: яна ладзіць у святы абавязковыя сустрэчы ўсіх родзічаў. Дзеці ведаюць, хто з прадстаўнікоў старэйшага пакалення быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дзе хто з бабуль-дзядуль працаваў і які ўклад унёс у развіццё Зэльвеншчыны, чым займаюцца тата з мамай. І дзеці ганарацца сваімі продкамі.

А Наталля Мікалаеўна – прыклад не толькі сваім дзецям. У яе ёсць што пераняць маладым жанчынам-маці. Займаючы адказную пасаду (яна намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама), маючы мноства грамадскіх абавязкаў, умее арганізаваць свой час так, каб яго хапіла на ўсё. І, галоўнае, – на дзяцей, сям’ю. Выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб дзеці былі разам з бацькамі.

Калі райвыканкам заклікае на турзлёт, Кавалені прыкідваюць, дзе і хто з іх можа быць карысным. Збіраецца Віктар Мікалаевіч на “ціхае” паляванне, абавязкова бярэ з сабой старэйшага сына. Можа, і мала знойдзе Арцемій грыбоў, затое даведаецца ад бацькі, як іх правільна зразаць, каб не пашкодзіць грыбніцу. Наталля Мікалаеўна ідзе ў трэнажорную залу, значыць, і Ангеліна з ёю. Артур пра мадэлі машын распытае, бо вельмі цікавіцца хлопчык тэхнікай! Калі летам у агародзе непачаты край работ, працуюць на градках усе, нават непаседа Артур. Так з малога бацькі прывучаюцца цаніць любую працу і атрымліваюць асалоду ад яе вынікаў і сумеснага ўдзелу ў ёй. “Асабісты прыклад, – лічыць Наталля Мікалаеўна, – вось тое, што без лішніх размоў выхоўвае дзяцей. Калі дзеці бачаць узаемапавагу і ўзаемавыручку дарослых, калі дома не дзеліцца работа на “мужчынскую” і “жаночую”, калі словы таты і мамы не разыходзяцца з іх справамі, то хіба забудуць дзеці такія ўрокі жыцця?!”. Што тут можна дадаць. Дзейсная педагогіка. Спадзяёмся, што яна не падвядзе Каваленяў.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены