Не пакідае трэнераў спорт, не пакідае… Прафесiйны i жыццёвы шлях Леанiда Гана

Днямi у Леанiда Пятровiча Гана — юбiлей. Чалавек, якi у далёкiм 1953 годзе звязаў свой лес са спортам, i cягоння, не заважаючы на паважаны узрост i вялiкай любоўю: у ЦСАН узначальвае спартыуны клуб.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Лёню Гану было толькі чатыры гадкі. Здавалася б, не той узрост, каб нешта памятаць. Аднак добра вядома, што стрэсавыя сітуацыі западаюць у душу нават у малодшых дзяцей. А стрэсаў было вельмі шмат. (Да слова, свае ваенныя ўражанні значна пазней Леанід пераправяраў, распытваючы бацькоў. І тыя, у нечым удакладняючы сына, пацвярджалі помныя яму падзеі). Уражанне першае: танкі. Іх было так многа, што зямля дрыжала. Адны, савецкія, адступалі – другія, нямецкія, наступалі. І ўсе ішлі праз брод каля старога маста, а гэта зусім блізка ад толькі што пабудаванай хаты каваля Пятра Данілавіча Гана.

Уражанне другое: самалёты. Ад іх абстрэлу гарыць, здаецца, усё жывое. Сям’я Ганаў хаваецца ў разорах бульбянішча. Адзін з фашысцкіх лётчыкаў заўважыў іх і знізіўся настолькі, што чуцён быў яго задаволены рогат. “Здаецца, каб сёння сустрэў таго рыжага немца, пазнаў бы”, – кажа Леанід Пятровіч.

Уражанне трэцяе: спаленая хата. Іх новая хата, як і іншыя ў цэнтры сяла, згарэла датла. Прыйшлі пасля налёту на папялішча. Бацька пачаў у спешным парадку ладзіць зямлянку. Сыра, холадна, лужа вады каля ўваходу, праз якую трэба пераступаць, – усё гэта таксама засталося ў памяці ад чэрвеня – жніўня 1941 года.

Праўда, у зямлянцы не давялося жыць доўга: хросны бацька Лёні Павел Паляшчук забраў сям’ю кума да сябе. Жылі там, пакуль бацька не зляпіў часовае жыллё для немалой сям’і. Уражанне чацвёртае: страх смерці. Зімой у хату пагрэцца зайшоў нямецкі патрульны. Заўважыўшы малога, пачаў з ім гуляць. Толькі тыя гулі – казытанне – давялі малога да пасінення. І ён, баронячыся, плюнуў немцу ў твар. Перапалоханая да смерці матуля Алена Іванаўна крыкнула сыну: “Уцякай!”, а сама павісла на руцэ немца, што штыком парола лахманы на печы, за якія схаваўся хлопчык.

… Можна больш не пералічваць тых стрэсавых сітуацый, бо было іх за вайну нямала. Напрыклад, выпадак з нямецкай аўчаркай. Справа ў тым, што ў суседніх Івашкавічах размяшчалася жандармерыя, і немцы часта наведваліся ў Караліно з вялізнымі страшнымі аўчаркамі. Дзеці, як толькі ўбачаць іх здаля, уцякалі дадому. А маленькі Лёня аднойчы ледзь не стаў дабычай лютага звера: выратаваў невысокі паркан.

Яшчэ ў пачатку акупацыі немцы прыстасавалі маёнтак у Жэрна (будучы маёнтак Аляксандраўшчынскай школы) для шпіталя. І дзесьці ў 1943-м годзе пачалі паступаць туды раненыя. Многа раненых. “Хіба што гэта былі пацярпелыя на Курскай дузе, – мяркуе Леанід Пятровіч і дадае. – Мы з сябрамі часта сабіралі выкарыстаныя немцамі бінты, прыносілі іх матулям. Так што і ад нас нейкая карысць была”.

Больш познія ўспаміны звязаны з ліпенем 1944-га. Праз Караліно разам з немцамі адступалі “ўласаўцы”. Добра запомніліся іх высокія вазы-арбы. Адна такая арба ад узарваўшагася снарада перакулілася, і сярод пажыткаў дзеці ўбачылі мноства прыгожых кніг. Калі прынеслі іх бацькам, – ніхто не змог іх прачытаць. “Відаць, былі гэта вельмі цэнныя кнігі, бо вокладкі іх – скураныя – не гарэлі, калі мы хацелі іх спаліць. Шкада, што не збераглі тады ніводнай”, – скрушна кажа Леанід Пятровіч. І самы яркі ўспамін з часу вызвалення: залпы “кацюш”. Жыхары хаваліся ў ацалелых мурах былога фальварка. Немцы акапаліся за ўзгоркамі, а савецкія войскі наступалі з боку Лаўрыновіч. Снарады са свістам праляталі якраз над галовамі людзей у мурах без даху. Дасціпная малеча хацела ўбачыць усё сваімі вачамі: Лёня ўскараскаўся да самага верху сцяны і ўбачыў, куды падалі снарады. Такім жа чынам заўважыў і пачуў шматгалосае “Ура!” за сценамі мура і радаснае “Нашы ідуць!” ад аднавяскоўцаў у схованцы.

МИРНЫ ЧАС 40 – 50-ЫЯ ГАДЫ

Вельмі трывожны час для бацькоў наступіў. Дзеці, як ні папярэджвалі іх дарослыя, лазілі ў падбітыя танкі, шукалі гранаты, снарады, міны. Аднойчы цацку-міну знайшлі Лёня з сябрукамі. Распалілі касцёр і кінулі сваю знаходку ў агонь. Добра, што даўмеліся схавацца ў акопе, у якім і засыпала “падрыўнікоў”.

Можна толькі ўявіць, што перажылі бацькі, пакуль адкапалі іх жывымі. … Восенню 1945-га пайшоў неўгамонны хлапчук у школу. Яна часова размяшчалася ў адной з сялянскіх хат. Разам вучыліся і старэйшыя браты Лёні: ён – у 1-ым, яны – у 4-ым класах. А настаўніца была адна – Лідзія Тарасаўна.

Памятае Леанід Пятровіч і настаўнікаў Івашкавіцкай сямігодкі, у якую пайшлі браты, а потым і ён. Яго класным кіраўніком была Ніна Іванаўна Цымбарэвіч, а гісторыю выкладаў Аляксей Піліпавіч Лойка. Сямігодку Леанід закончыў з пахвальнай граматай, хацеў вучыцца і далей. У той цяжкі пасляваенны час навучанне ў сярэдняй школе было платным, і бацька ўжо плаціў за старэйшых сыноў.

Таму, неяк расплаціўшыся за 8-ы клас малодшага сына, бацька параіў яму паступаць у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. (Любоў да спартыўных гульняў была заўважана не толькі бацькам хлопца). Вось так і вырашыўся далейшы лёс падлетка: восенню 1953- га года Леанід Ган стаў навучэнцам. Як і ў школе, старанна рыхтаваўся да лекцый і экзаменаў, актыўна працаваў у бібліятэцы. Асабліва ўпарта “грыз” анатомію: ведаў, як патрэбна будзе яна выкладчыку фізічнай культуры ў рабоце з дзецьмі. Увогуле, Леанід Пятровіч з тых людзей, якія вучацца заўсёды. Тэрмін “самаадукацыя” як найлепш падыходзіць да яго поглядаў на навучанне. Не адставаў Леанід ад сяброў і ў спорце. Ён быў членам зборнай вобласці па баскетболу спартыўнага аб’яднання “Ураджай”, часта выступаў за гонар Гродзеншчыны. Каманда баскетбалістаў не цярпела няўдач на шматлікіх спаборніцтвах.

Летам 1956-га Леанід паспяхова здаў дзяржаўныя экзамены, атрымаў дыплом, а неўзабаве надзеў салдацкую форму.

СЛУЖБА У АРМII. ПЕРШАЕ ЗНАКОМСТВА З ГАНДБОЛАМ

Служыў Леанід у вайсковай часці, што рыхтавала малодшых авіяцыйных спецыялістаў. Дэталёва вывучыў абсталяванне самалётаў ТУ-4 і “летающей крепости” ІЛ-28, стаў прафесіянальным механікам радыёлакацыйных станцый. Яшчэ курсантам быў выбраны памочнікам камандзіра ўзвода, потым – членам бюро камсамольскай арганізацыі і падраздзялення. Неўзабаве яму, як спецыялісту па баскетболу, прапанавалі арганізаваць і трэніраваць баскетбольную каманду. Горача ўзяўся Леанід за справу, яго хлопцы не раз заваёўвалі першынства сярод іншых спартсменаў воінскіх часцей. А трэнер каманды атрымаў 2-гі разрад па баскетболу і шэраг падзяк ад камандзіра часці.

Менавіта ў войску Леанід зацікавіўся гандболам: некаторыя салдаты вельмі любілі гэтую гульню. Салдат-фізкультурнік не толькі назіраў за аматарамі ручнога мяча (так тады часцей за ўсё называлі гандбол), але і адпаведную літаратуру адшукваў. Даведаўся, што ёсць два віды гэтай гульні ў залежнасці ад колькасці ігракоў на полі – 7х7 і 11х11. (Праз некалькі гадоў у СССР пяройдуць толькі на адзін від – 7х7). Ужо разумеў, што яго цікавасць да гандбола невыпадковая.

НАСТАУНIЦКАЯ ПРАЦА

Вярнуўшыся на радзіму, заседжвацца ў Караліно не стаў: пайшоў у РАНА і атрымаў накіраванне ў Зэльвенскую СШ. Разам з ім працавалі такія ж адданыя фізічнай культуры людзі: Ірына Станіславаўна Тукальская (тады яшчэ Андрышак) і былы партызан, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй Іван Дзяменцьевіч Серы. Было вельмі цікава: школьнікі гатовы былі дапамагаць выкладчыкам фізкультуры і ў рэканструкцыі спартыўнай пляцоўкі каля школы, і ў арганізацыі спаборніцтваў, і ў штогадовых мерапрыемствах па здачы адпаведных норм (ГТО – “готов к труду и обороне”). Хоць не дужа багатай была матэрыяльная база школы, тым не менш зэльвенскія школьнікі, дзякуючы бескарыслівай працы сваіх маладых выкладчыкаў, не былі апошнімі ў раённых і міжраённых спаборніцтвах.

Тренерско-преподавательский состав ДЮСШ советских годов

З вялікай удзячнасцю ўспамінае сёння Леанід Пятровіч дырэктара школы таго перыяду Івана Якаўлевіча Палякова. Ён выкарыстоўваў і свае паўнамоцтвы, і сувязі, каб падтрымаць развіццё спорта. Гэтая падтрымка асабліва была патрэбна Гану, бо з моманту адкрыцця ў Зэльве ДзЮСШ ён працаваў і настаўнікам, і трэнерам. Не таму, што хацеў вялікіх заробкаў (якія “вялікія” аклады былі ў настаўнікаў, ведае кожны старэйшы зэльвенец), проста не хапала ў школах спецыялістаў па фізічнай культуры.

За час працы ў школе (а гэта больш дзясяці гадоў) Леанід Пятровіч зацікавіў дзяцей многімі відамі спорту, у тым ліку і гандболам. І калі змог цалкам аддацца трэнерскай рабоце, у яго ўжо была падрыхтавана каманда гандбалістаў.

ТРЭНIРСКIЯ КЛОПАТЫ РОДАНАЧАЛНIКА ЗЭЛЬВIНСКАГЯ ГАНДБОЛА

У першыя гады існавання зэльвенскай ДзЮСШ у ёй дзейнічалі чатыры секцыі: па гандболу (Л.П.Ган), па шахматах (М.У.Максіменка), па фехтаванні (М.А.Русак) і па боксу (М.М.Гоман). Усе трэнеры былі вельмі дасведчанымі ў сваёй справе людзьмі. Напрыклад, Міхаіл Міхайлавіч Гоман (дарэчы, першакласны ўрач-хірург) быў майстрам спорту па боксу, чэмпіёнам БССР. А цяжкасці стварэння спартыўнай школы ўзваліў на свае плечы Ю.Ю.Ланцэвіч.

Трэнеры штогод павышалі сваю кваліфікацыю на курсах. Леанід Пятровіч ні разу не прапусціў заняткаў. Вучыўся ён прыёмам і метадам гульні ў Спартака Пятровіча Мірановіча – майстра спорту СССР, заслужанага трэнера БССР і СССР. Увогуле, як лічыць Леанід Пятровіч, яму вельмі шанцавала на трэнераў. У тэхнікуме майстэрству баскетбаліста яго навучаў Анатоль Іванавіч Марцінкевіч. (Няхай даруе мне старэйшы чытач за вялікае адступленне, але не сказаць пра Марцінкевіча, як трэнера Івана Ядэшкі, ніяк не магчыма, бо наўрад хто з маладых памятае трыумф вучня Анатоля Іванавіча. А адбыўся ён на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене ў 1972 годзе. Тады каманда Марцінкевіча вяла найскладанейшы бой з амерыканскай камандай. Вось-вось закончыцца гульня, і золата дастанецца амерыканцам. І за тры (!) секунды да канца паядынку Іван Ядэшка – насуперак усім правілам – з немагчымай дыстанцыі пасылае надзейнаму аднаклубніку “залаты” пас, які быў бліскуча выкарыстаны і прынёс перамогу!).

Вось на такіх выдатных трэнераў і арыентаваўся ў сваёй працы Леанід Пятровіч, стараўся быць дастойным прадаўжальнікам іх справы. Набіраў у сваю каманду не толькі тых, хто па сваіх фізічных дадзеных як найлепш падыходзіў да патрабаванняў у гандболе. Ішлі многія ахвотныя да гульні, а часам і настаўнікі прасілі, каб узяў на “перавыхаванне” тых, ад каго ў класе плакалі не толькі дзяўчынкі. Не адмаўляў, шукаў падыход “к неподдающимся”. Натрэніраваным вокам бачыў, у якой якасці найбольш праявяцца здольнасці хлопца – нападаючым, вуглавым, варатаром – і незаўважна пераконваў у гэтым і самога іграка. Усё сваё немалое трэнерскае жыццё быў упэўнены: гатовых “зорак” у прыродзе не існуе. Ёсць тыя, хто тытанічнай працай, цярплівасцю, настойлівасцю крок за крокам ідзе да вяршыні свайго майстрэства. У суладдзі з трэнерам. Абавязкова. Памыляюцца тыя, хто думае, што чэмпіёнскія тытулы і ўзнагароды – гэта заслуга спартсмена і толькі. Без думаючага трэнера-прафесіянала ні адзін спартсмен не заваяваў высокага звання. Вядома, фізічныя дадзеныя іграка вельмі дапамагаюць трэнеру дабіцца найлепшых вынікаў. Але без рэгулярных трэніровак, без шліфоўкі кожнага руху, позірку, без уліку самых дробных нюансаў ва ўзаемаадносінах членаў каманды нічога не атрымаецца. А часам трэба было проста дапамагчы наладзіць быт. Напрыклад, на раённых спаборніцтвах па дзесяцібор’ю Леанід Пятровіч прыкмеціў сапраўднага гіганта з Тулава

Валодю Міхуту. “Ох, якім нападаючым ці варатаром быў бы!..“ – падумаў трэнер. Перагаварыў з хлопцам, запрасіў на трэніроўкі да сябе. А калі зразумеў, што і той моцна захапіўся гульнёй, дабіўся для яго месца ў інтэрнаце, каб здольны падлетак не траціў дарэмна час на пераходы ў школу (з Тулава ў Міжэрычы) і трэніроўкі ў Зэльву. Добра натрэніраваўшы Валодзю ў зборнай вобласці (Гана заўважылі і прапанавалі ўзначаліць зборную па гандболу, і ён працаваў на гэтай пасадзе цэлых 17 гадоў), Леанід Пятровіч перадаў свайго вучня Спартаку Мірановічу. І не аднаго Міхуту. Вучнямі Гана, а потым і Мірановіча, былі зэльвенцы Валерый Цівунчык, Мікалай Атаповіч і інш. Не пералічыць выхаванцаў Гана, якія заслужылі высокія званні і ўзнагароды. Уладзімір Міхута і Валерый Цівунчык – чэмпіёны свету. Віктар Віннік і Міхаіл Міхута – віцэ-чэмпіёны свету, Мікалай Крамнік і Сяргей Варабей – чэмпіёны СССР сярод сельскіх спартсменаў, Аляксандр Попка – кавалер ордэна “Знак Пашаны”, Юрый Дубовы, Ігар Ган і Юрый Чыжэўскі – прызёры Першынства Рэспублікі Беларусь і г.д. Вельмі ганарыцца Заслужаны трэнер БССР, суддзя рэспубліканскай катэгорыі Леанід Пятровіч Ган, што ёсць у яго працяг – больш дваццаці паспяховых трэнераў нястомна працавалі ці працуюць з дзецьмі, гадуючы новых чэмпіёнаў. Напрыклад, Аляксандр Бяляўскі, Міхаіл Жыдок, Уладзімір Масло ці Валерый Цівунчык, які шмат гадоў трэніраваў партугальскіх гандбалістаў у Лісабоне.

СПОРТ МЕНЯ НЕ ПАКIДАЕ

Сусветна вядомы гродзенскі трэнер Рэнальд Кныш пісаў калісьці:

Спорт стал моим врагом – я шлю ему проклятья! Но не могу сорвать с себя его объятья. И жду, измучившись, счастливейшего дня, Когда же, наконец, оставит он меня?

Не пакідае трэнераў спорт, не пакідае… Вось і наш Леанід Пятровіч, даўно пенсіянер, не можа “сорвать спортивных объятий”. Ён – актыўны наведвальнік дзённага аддзялення ЦСАН – стварыў там спартыўны клуб “Стратэг” і аб’яднаў вакол сябе аматараў шашак і шахмат. Члены клуба часта вядуць баталіі паміж сабой, выязджаюць у суседнія раёны, прымаюць удзел у раённых і абласных мерапрыемствах. Вельмі шкадуе Ган, што няма ў Зэльве шахматнага клуба для дзяцей. “Гэта гульня патрэбна ўсім, не толькі спартсменам, – гаворыць ён. – Калі ў 1967 годзе адкрывалі ДзЮСШ, шахматны клуб быў вельмі папулярным сярод моладзі”. Ды і шашкі, лічыць Леанід Пятровіч, могуць быць захапляльным заняткам. Яго самога “ўлюбіў” у шашкі былы дырэктар Зэльвенскай школы Я.В.Сончык.

СЯМЕЙНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

У Леаніда Пятровіча – немалая сямейка. Вельмі шкадуе, што да яго юбілею не дажыла любімая жанчыны – жонка Ірына Фёдараўна, каханне з першага погляду. Убачыў яе ўпершыню ў 1961 годзе і быў пакораны яе вабнасцю. А ў сямейным жыцці вельмі цаніў яе цярпенне да яго бясконцых трэнерскіх праблем. “Без яе падтрымкі і разумення не змог бы дасягнуць таго, што паспеў”, – кажа Леанід Пятровіч. У Караліне (сучасная назва) па-ранейшаму стаіць бацькоўскі дом, куды летам збіраюцца дзеці, унукі і праўнукі. Запрашаюць і нашчадкаў старэйшых братоў. І тады доўжыцца бяседа за сталом да позняй ночы. Кожнаму ёсць чым падзяліцца з блізкімі людзьмі. Больш за 20 чалавек удзельнічае ў такіх цёплых сустрэчах. Спадзяецца юбіляр, што і сёлета традыцыя не перарвецца.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены