Палітыка генацыду. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Зэльвеншчыне

З першага дня Вялікай Айчыннай вайны ў адносінах да жыхароў раёна нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі палітыку генацыду. З усялякай прычыны і без яе акупанты масава расстрэльвалі мірнае насельніцтва, палілі вёскі, хутары разам з людзьмі. Усяго за гады варожага нашэсця ў Зэльвенскім раёне было забіта 6049 чалавек.

У в. Вострава ў 1967 годзе пастаўлены помнік-скульптура воіна са сцягам ва ўшанаванне памяці 297 вяскоўцаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За дапамогу партызанам фашысты чатыры разы праводзілі супраць насельніцтва Вострава карныя аперацыі. 19 жніўня 1942 г. яны арыштавалі і павялі на Дзярэчын 30 маладых мужчын. 9 чалавек змаглі ўратавацца ад расправы. У верасні гэтага ж года зноў былі расстраляны 12 мірных жыхароў, актывістаў калгаснага руху.

Праз тры месяцы фашысты правялі новую аперацыю, са знішчэннем ужо 85 чалавек. Усіх, каго ўдалося захапіць, – жанчын, дзяцей старых гітлераўцы зганялі ў хлеў, а затым выводзілі па 5 чалавек і расстрэльвалі. У 1943- м годзе, 14 жніўня, такі ж трагічны лёс напаткаў яшчэ 40 жыхароў.

З в. Вострава загінула 49 воінаў-землякоў і 22 партызаны, расстраляны фашыстамі 4 савецкія актывісты. Ахвярамі фашысцкага тэрору сталі 222 мірныя жыхары вёскі: 209 з іх расстраляны, 10 закатаваны, 3 спалены. У іх ліку – 97 жанчын. Усяго загінула 18 пажылых жыхароў, 83 чалавекі працаздольнага ўзросту, 61 прадстаўнік моладзі да 30 гадоў, 27 падлеткаў, 41 дзіця. У дачыненні да 18 чалавек, расстраляных фашыстамі, узрост іх невядомы. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінула 297 жыхароў Вострава.

Устаноўлены помнік і на брацкай магіле ахвяр фашызму ў вёсцы Франкова. Пахаваны ў ёй 18 мірных жыхароў, ахвяр расстрэлу 1942 г. У 1943 г. фашысты спалілі хутар Франкова. У полымі загінулі 23 жыхары гэтага населенага пункта. У тым жа годзе ворагі акружылі вёску Дзешкавічы, сагналі ўсіх мужчын, якія знаходзіліся дома, і пагналі ў слонімскую турму, а адтуль – у Германію. У снежні 1942 г. у в. Пляцянічы гітлераўцы спалілі ўсю сям’ю Пазнанскіх – 5 чалавек. Фашысты знішчылі яшчэ некалькі хат, дзе, па іх меркаванні, жылі сем’і партызан ці сувязныя, але жыхары гэтых дамоў паспелі ўцякчы. Напярэдадні 50-годдзя вызвалення Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вёсцы Чырвонае Сяло Сынкавіцкага сельсавета быў устаноўлены мемарыяльны знак па пяці спаленых у гады вайны жыхарах.

12 снежня 1942 г. нямецкае камандаванне вырашыла знішчыць і насельніцтва в. Галынка за дапамогу і сувязь з партызанамі. Людзей выводзілі з дамоў, выстрайвалі ў шарэнгу і расстрэльвалі. Многіх – яшчэ ў хатах. У брацкай магіле на вясковых могілках на паўднёвай ускраіне аграгарадка пахаваны 386 забітых ворагам жыхароў. Пакуль што ўстаноўлены імёны 276 з іх, 110 засталіся невядомымі. Гэта адна з самых жудасных трагедый на Зэльвеншчыне ў гады вайны.

Аб гэтым страшным дні запісаны ўспаміны Юрыя Сямёнавіча Багаты: «Фашысты зайшлі ў наш дом. Уся наша вялікая сям’я была ў зборы. І дзеду, і бабулі было за 70 год, бацька, маці і пяць дзяцей. Меншаму быў 1 год. Акрамя таго, у доме знаходзіліся 4 нашы сваякі з іншых вёсак. Усім загадалі выйсці на вуліцу. Мой дзяцька непрыкметна залез пад печ. Нас выстраілі ў шарэнгу. Спачатку фашысты з пісталетаў выстраілі ў дзеда і бабулю. Калі яны ўпалі – у бацьку і маці, затым у нас, дзяцей і сваякоў. Пры выстралах усе мы ўпалі. Колькі прайшло гадзін, не памятаю. Я апрытомнеў, калі карнікаў ужо не было. Жывым аказаўся і мой малодшы васьмігадовы брат. Я ўхапіўся за руку, удваіх мы кінуліся ўцякаць ад дому. У гэты час пачулі стогн. Стагнала наша параненая сваячка. Ад’ехаўшы крыху, мы пачулі яшчэ больш моцны стогн. Мы зноў вярнуліся. Гэта быў стогн нашай маці. Убачыўшы нас жывымі, яна прахрыпела: « Хутчэй хавайцеся ў хлеў…» Ноччу мы вылезлі з хлява і пайшлі з братам у Луконіцу да знаёмых…».

На заходняй ускраіне вёскі Пятрэвічы знаходзіцца брацкая магіла воінаў і ахвяр фашызму. Воіны Чырвонай Арміі пры адступленні ў чэрвені 1941 г. параненымі засталіся на тэрыторыі раёна і былі расстраляны гітлераўцамі як члены падпольнай антыфашысцкай арганізацыі ў в. Пятрэвічы.

У ліпені 1942 г. карнікі сагналі ў в. Дзярэчын яўрэяў з усіх навакольных вёсак і стварылі гета. Праз некаторы час яны расстралялі каля 2700 чалавек, а астатніх вывезлі і забілі ў іншых месцах. «Частку яўрэйскага насельніцтва накіроўвалі на вакзал, патрабуючы ўзяць з сабой самыя каштоўныя рэчы, якія пры ўваходзе ў вагоны фашысты забіралі. Хворых ці не жадаючых пакідаць абжытыя месцы гналі ў двор хаты, якая знаходзілася па цяперашняй вуліцы 17-га Верасня, і расстрэльвалі…» – так успамінаў сведка падзей лета 1943 г. Тады жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці пасёлка Зэльва і навакольных вёсак фашысты сагналі на чыгуначны вакзал і двума саставамі адправілі ў польскі горад Малкіне, дзе праз некаторы час усе яны былі знішчаны.

Па матэрыялах розных выданняў. (Прадаўжэнне будзе)

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены