Дамы-фантомы цяпер лягчэй знесці або прадаць?

Пустыя дамы могуць стаяць дзесяцігоддзямі без нагляду. Заканадаўства абараняе інтарэсы ўласнікаў, але тыя далёка не заўсёды звяртаюць увагу на сваю вясковую маёмасць. У канцы верасня мінулага года ў сілу ўвайшоў Указ кіраўніка дзяржавы № 116, які значна спрашчае працэдуру распараджэння такімі пабудовамі як з боку саміх уладальнікаў, так і з боку мясцовай улады.

Карцінка з натуры

Падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Зэльвенскі раён давялося стаць сведкай зносу аднаго нежылога дома ў мястэчку Князева. Работа па яго разборцы вялася з удзелам тэхнікі. Непадалёку было распалена вогнішча, куды зносіліся ўсялякія трухлявыя рэшткі. Менавіта гэты агонь і прыцягнуў увагу яшчэ здалёк. Сам дом здаваўся даволі вялікім і быў ужо напалову разабраны. Старшыня мясцовага сельсавета Аляксандр Дзерачэнік паясніў, што гаспадары адмовіліся ад дома, дакладней, іх нашчадкі. Тут доўгі час ніхто не жыве, дом амаль разваліўся.

— Знос вядзецца сумесна з мясцовай гаспадаркай. Прадпрыемству патрэбныя дровы для ацяплення фермаў, мехдвароў, а нам — добраўпарадкаванне. Дом будзе знесены, а ўчастак рэкультывуем, і ён пойдзе ў севазварот. Поле якраз прымыкае да гэтага дома, — адзначыў старшыня сельсавета.

Аказалася, што на тэрыторыі толькі гэтага сельскага Савета больш за 200 дамоў, якія людзі перадалі мясцовай уладзе. Што з імі рабіць далей, будуць вызначацца ў кожным канкрэтным выпадку. Штосьці пойдзе пад знос, а штосьці яшчэ можа паслужыць.

Калі дом аварыйны

Гэта сапраўдныя фантомы. З году ў год яны зарастаюць хмызняком і паціху развальваюцца. Іх гаспадароў даўно няма на гэтым свеце, а нашчадкі забылі да іх дарогу. Закінутыя пабудовы — нібы прывіды, побач з якімі адчуваеш сябе няўтульна.

Як адзначыў старшыня Зэльвенскага райсавета Вадзім Панасік, мясцовыя ўлады шукаюць магчымасць як мага хутчэй пазбавіцца ад такіх пабудоў. Справа гэта даволі затратная, патрабуе бюджэтных сродкаў. Таму да яе падключаюцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

— Прыцягваем і мясцовае насельніцтва, — дадае старшыня райсавета. — Людзі прыходзяць, разбіраюць, напрыклад, на дровы. Дапамагаюць і хмызняк знішчыць.

У раёне некалькі тысяч незаселеных дамоў. Значная частка з іх выкарыстоўваецца ў цёплы сезон як дачы. Але нямала і закінутых. За апошнія тры гады знесена каля 340 такіх будынкаў.

— У вёсках адбываецца працэс натуральнага змяншэння насельніцтва, таксама некаторыя з’язджаюць — хто у Зэльву, Гродна, а хто і ў сталіцу. Дамы становяцца незапатрабаванымі. Як правіла, у вёсках, якія знаходзяцца на водшыбе, але іх таксама трэба прыводзіць у парадак. Калі старыя дамы не прадаць і не адрамантаваць, іх трэба зносіць, — упэўнены старшыня райсавета.

Кіраўніцтва раёна шукае магчымасць праводзіць такую работу да пачатку палявых работ, каб перадаць землі сельгаспрадпрыемствам. Аграрыі займаюцца акультурваннем участкаў — спачатку тут сеюць аднагадовыя травы, а на другі год — далучаюць да паўнавартаснага севазвароту.

Каб усім было зручна

Нарматыўная база па пустых дамах пастаянна ўдасканальваецца. Старшыня райсавета згадвае некалькі адпаведных дакументаў: Указы Прэзідэнта № 70 ад 2006 года, № 357 ад 2018 года, і леташні — № 116. Апошні значна спрашчае работу па адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці.

— Па-першае, можна куплю-продаж рабіць без дакументаў, толькі засведчыць у сельскім Савеце здзелку, — паясняе Вадзім Панасік. — Напрыклад, чалавек мае дом ад сваіх бацькоў. Раней, каб яго прадаць, трэба было афармляць уласнасць на зямлю, мець пасведчанне дзяржаўнай рэгістрацыі аб праве валодання, тэхнічны пашпарт на капітальныя будынкі. На сённяшні дзень бакі афармляюць паміж сабой здзелку і прыходзяць у сельскі Савет. Старшыня выязджае на месца, каб спраўдзіць гэту здзелку, і калі ўсё адпавядае заяўленаму прадаўцом, завярае дакумент.

Цяпер не трэба ісці ў суд, і каб прызнаць дом безгаспадарным. Гэта можа зрабіць сельскі Савет, які ўладальнік упаўнаважвае распараджацца яго домам. Па словах субяседніка, Указам № 116 сельскім Саветам дэлегіраваны многія паўнамоцтвы, у прыватнасці, пошук уладальнікаў дамоў. Раней такая работа вялася райвыканкамам. Сельсаветы будуць рабіць яе хутчэй, лічыць Вадзім Панасік.

Перспектывы для пакупнікоў

Не ўсе дамы, якія перададзены на баланс сельскіх Саветаў, ідуць пад знос. Напрыклад, лёс 35 дамоў у Дабраселецкім сельскім Савеце і 16 — у Каралінскім пакуль не вызначаны. Некаторыя будуць выстаўляцца на продаж. І, трэба сказаць, попыт на такую маёмасць ёсць. Асабліва калі такія дамы знаходзяцца ў прывабных мясцінах — напрыклад, у раёне вадасховішча. Многія купляюць тут старыя дамы дзеля ўчасткаў, на якіх потым будуюць новыя. Каля васьмі населеных пунктаў мае нядрэнныя перспектывы.

У хуткім часе патэнцыяльныя пакупнікі атрымаюць магчымасць выбраць сабе маёмасць не сыходзячы з месца. Згодна са 116 Указам, кожны сельскі Савет павінен за гэты год сфарміраваць рэестр пустых дамоў. Гэтыя даныя ўвойдуць у агульную базу адзінага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу з адкрытым доступам.

— Чалавек у любым пункце краіны адкрывае рэестр, бачыць спіс дамоў і можа набыць любы з іх. Калі прэтэндэнтаў два ці больш, будзе праводзіцца аўкцыён, — анансуе старшыня райвыканкама.

Скарыстацца такой базай можна будзе з 2023 года. Гэта не значыць, што мясцовыя ўлады да гэтага часу не будуць прымаць рашэнні па тых ці іншых аб’ектах. Некаторыя дамы атрымаюць другое жыццё ў новай якасці. У Зэльвенскім раёне («Звязда» нядаўна пісала пра гэта) у іх адкрываюць музеі сялянскага быту.

Фо­та Ана­то­ля КЛЕШЧУКА

zviazda.by

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены