Каляду сустракалі, акцыю завяршалі ў дзяржаўнай установе адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва”

Яркім вясёлым фальклорным святам “Калядкі” у дзяржаўнай установе адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва” стала закрыццё дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Мерапрыемства, якое традыцыйна праводзіцца ў краіне больш чвэрці веку. Значнасць акцыі для грамадства цяжка перацаніць, таму што прысвечана яна самаму дарагому – нашым дзецям!

Дзеці з вялікай цікавасцю сустрэлі гасцей – калядоўшчыкаў, якія разыгралі сапраўдны спектакль. У шыкоўных касцюмах, з песнямі, пажаданнямі дабра і багацця калядоўшчыкі з Несцеркам прыйшлі да выхаванцаў дашкольнага цэнтра. Яны пабывалі ў гасцях у добрай гаспадыні, якая ў чыгунках для святочнага стала “варыла” калядную кашу — Куццю.

Дзеці разам з калядоўшчыкамі гулялі ў калядныя гульні: з Чартом у “Перабежкі”, з Цыганкай “Ці быць у згодзе ў гэтым годзе”, з Ведзьмай “На мятле” і інш.,  вадзілі карагоды, слухалі вясёлыя калядныя заклічкі і песенькі, а Цыганка нават паваражыла на будучыню.

А як жа без вясёлых танцаў у такое свята! Выхаванцы старшай групы парадавалі танцам “Што такое зіма!”, якія яшчэ раз нагадаў гледачам пра навагоднія цуды.

Прагучала сёння і шмат пажаданняў. Перадаючы па крузе калядны вянок, зычылі адзін аднаму шчасця, здароўя, дабрабыту, удачы, міру, спакою, цудаў. Усе верылі: хто патрымае ў руках калядны вянок – будзе шчаслівы ўвесь год:

“Здаровы бывайце, праз год нас чакайце.

З Калядою вас вясёлаю, з зімачкаю яснаю, з долечкаю шчаснаю.

“Шчасця, здароўя паболей, а бяды – каб ніколі!” – пажадалі на развітанне калядоўшчыкі.

Свята не толькі прынесла радасць нашым выхаванцам, але і дало ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, далучыцца да багацця беларускай мовы, самім адчуць усю красу народных святаў і беларускай культуры.

Сімвалічна, што  калядная казка была апошнім мерапрыемствам у карагодзе святаў і забаў, прысвечаных дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.  Падчас акцыі дзеці атрымалі не толькі падарункі, але перш за ўсё павагу і клопат з боку грамадскасці і ўсіх дарослых, якія знаходзяцца побач.

З КАЛЯДАМІ ВАС, ПАВАЖАНЫЯ СЯБРЫ!

Музычны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 г.п.Зэльва”  Рамуальда КУРУТА

ФОТО: Лізавета Грывачэўская

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены