Валерый Андрэевіч Храпуноў – прафесіянал с вялікай літары

У Зэльвенскім раёне і па-за яго межамі дзясяткі, а то і сотні чалавек, якім у свой час пашанцавала працаваць разам ці пад кіраўніцтвам Валерыя Андрэевіча Храпунова. Тыя дні і гады – гэта добры ўспамін не толькі аб сумеснай рабоце, але і аб слушных парадах, жыццёвых падказках адукаванавага, эрудыраванага, высокапрафесійнага і мудрага Чалавека з вялікай літары. А яшчэ – рознабаковай асобы, шчырага і надзейнага сябра, клапатлівага гаспадара, пяшчотнага мужа, любячага бацькі і дзядулі. На днях Валерый Храпуноў адзначыў 75-гадовы юбілей, падчас святкавання якога ўзгадаў сваю працоўную дзейнасць і падзяліўся з землякамі сваімі жыццёвымі пастулатамі.

Валерый ХРАПУНОЎ

БАЦЬКАВА “ШКОЛА”

Валерый Андрэевіч лічыць, што стаць на ногі, атрымаць вышэйшую адукацыю, годна выконваць свае абавязкі на працоўных месцах (прычым, адказных) і заваяваць аўтарытэт сярод калег, калектыву, кіраўніцтва раёна ў многім дапамагло выхаванне бацькоў. Асабліва бацькі Андрэя Аляксеевіча – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які ў складзе 2-га мотастралковага батальёна 8-га механізаванага Александрыйскага корпуса 66-й брыгады II Беларускага фронту прымаў удзел у вызваленні гарадоў і тэрыторый Польшчы і Германіі, стаў сведкам гістарычнай сустрэчы з саюзнікамі на рацэ Эльба. Уладальніка высокіх баявых ўзнагарод і сапраўднага патрыёта Радзімы. Мужчыны, які сам не баяўся працаваць і сваіх двух сыноў з маленства прывучаў да фізічнай нагрузкі, больш таго – да адказнасці за свае словы і ўчынкі.

Паколькі Андрэй Аляксеевіч у пасляваенныя гады быў адным з нямногіх, хто меў вышэйшую адукацыю, яго накіроўвалі на розныя пасады. І часта сям’і Храпуновых (яны родам са Слонімшчыны) даводзілася мяняць месца жыхарства. Валерый і яго малодшы брат Анатолій вучыліся ў школах Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Асноўныя школьныя прадметы даваліся Валерыю лёгка, таму, скончыўшы восем класаў, ён прыняў рашэнне прадоўжыць вучобу ў вячэрняй школе, тым самым больш часу прысвяціць працы. Стаў спасцігаць асновы токара. І праз хуткі час трапіў у рады лепшых спецыялістаў.

Прыдатную працу перапыніла служба ў арміі, дзе з першага дня Храпуноў зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку як старанны, адказны, рашучы вайсковец. Яго гатоўнасць аператыўна і правільна прымаць рашэнні, выконваць пастаўленыя задачы дазволіла саставу танкавай роты батальёна разведкі стаць выдатнікамі службы.

Матываў атрымаць вышэйшую адукацыю было шмат. Таму пасля падрыхтоўчых курсаў юнак адразу паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У час вучобы пазнаёміўся з будучай жонкай Святланай Фёдараўнай, з якой ужо паўвека разам крочаць па жыцці.

КРОКІ ДА ПОСПЕХУ

У 1976 годзе пры размеркаванні маладога інжынера-гідратэхніка накіравалі ў Зэльвенскі раён. Валерый Храпуноў працаўладкаваўся майстрам участка ў ПМК-35.

– Пачынаючы прыблізна з сярэдзіны 60-х і ў 70-я гады перад меліярацыйнай галіной стаялі важныя і адказныя задачы, – успамінае суразмоўца. – Адна з іх – за кошт паляпшэння якасці глебы дабіцца высокай ураджайнасці. На працэсы меліярацыі і арашэння выдзяляліся значныя грашовыя сродкі. Але і аб’ёмы работ былі вялікія. Будаваліся гідратэхнічныя збудаванні, асушаліся балоты. Нашы брыгады разам з брыгадамі Галынкаўскага СМУ былі задзейнічаны на асушэнні поймы ракі Зяльвянкі, забалочаная частка якой не давала магчымасці ніякай тэхніцы працаваць на нарыхтоўцы зялёных кармоў. Мы праводзілі актыўныя работы не толькі ў Зэльвенскім, але і ў Мастоўскім, Ваўкавыскім, Свіслацкім раёнах, наогул, па ўсёй вобласці і нават па-за межамі рэспублікі.

Значным аб’ектам для прараба Храпунова, а таксама яго брыгады (састаў часам мяняўся) стала новабудоўля Зэльвенскага вадасховішча. Пад кіраўніцтвам Валерыя Андрэевіча аператыўна праводзіліся адсыпка і ўмацаванне дамбы, агароджванне вадаёма.

– Для таго, каб увесь вытворчы працэс праходзіў хутка, без прастояў, падключалі нават тэхніку са Слоніма, – расказвае герой публікацыі. – Былі задзейнічаны экскаватары, больш за дзясятак МАЗаў. Рабочыя працавалі з вялікай адказнасцю. Я ўдзячны ўсім, з кім працаваў побач і хто ўнёс значны ўклад у будаўніцтва зэльвенскай жамчужыны (В.В.Любінскі, І.А.Сянько, Л.Н.Юшчык і іншыя), якая стала сёння любімым месцам адпачынку для жыхароў і гасцей пасёлка.

Маральныя якасці і працоўныя здольнасці Храпунова былі заўважаны кіраўніцтвам раёна (першым сакратаром райкама партыі М.Ф.Кантаровічам, другім сакратаром РК партыі С.А.Гоцка, які курыраваў будаўніцтва ў раёне), і Валерыя Андрэевіча пераводзяць працаваць у партыйны апарат. Назначаюць намеснікам дырэктара райсельгастэхнікі па падрыхтоўцы кадраў (узначальваў арганізацыю І.А.Габрыянчык), а на чарговым пасяджэнні партыйнай арганізацыі яго выбіраюць сакратаром.

Валерый Андрэевiч прымае вiншаваннi з юбiлеем ад калектыву цэнтра

БЫЦЬ КІРАЎНІКОМ АДКАЗНА

Успамінаючы два дзясяткі гадоў (з 1988 па 2007 гг.), звязаных з працай на пасадзе дырэктара цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Валерый Храпуноў сцвярджае, што адным з яго жыццёвых крэда было правіла: “Будзь патрабавальным спачатку сам да сябе, а потым да іншых”. Яно часта дапамагала яму па жыцці і асабліва спатрэбілася ў ролі кіраўніка.

У канцы 80-х арганізацыя ўваходзіла ў склад райсельгастэхнікі, а з пачатку 1988 года пачала функцыянаваць як самастойная. У першую чаргу неабходна было адрамантаваць і рэканструяваць адміністратыўны будынак, складскія памяшканні і для тэхнічнага абсталявання, гаражы. Адначасова даводзілася выконваць асноўныя задачы – набываць тэхніку, абсталяванне для вучэбнага працэсу. За некалькі гадоў вучэбны камбінат (у тыя гады меў такую назву) змяніўся да непазнавальнасці: па-сучаснаму былі абсталяваны вучэбныя класы, метадычны кабінет, кабінеты дырэктара і бухгалтара. Машынна-трактарны парк папоўніўся легкавым аўтамабілем, аўтобусам для падвозу слухачоў, трактарам з неабходным абсталяваннем для вучэбнага працэсу. Добраўпарадкавана была і тэрыторыя, якая па выніках конкурсу на лепшае афармленне будынкаў і тэрыторый вучэбных камбінатаў увайшла ў тройку лепшых у рэспубліцы.

– Сёння, узгадваючы той насычаны на падзеі і працоўную дзейнасць час, нават не верыцца, што за 15 гадоў было падрыхтавана каля 600 трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, больш за 300 машыністаў кацельных установак, каля 150 электрагазазваршчыкаў, сотні стропальшчыкаў, вальшчыкаў лесу, рамшчыкаў, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, дзясяткі токараў і машыністаў зернесушылкі, майстроў-наладчыкаў. Акрамя таго, рыхтавалі аператараў машыннага даення, аператараў па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы, свіней. Каля 3000 чалавек атрымалі новыя спецыяльнасці. Больш за 2500 чалавек павысілі кваліфікацыю. Былі наладжаны сувязі з вучонымі вну, заняткі праводзілі дактары, дацэнты, кандыдаты навук Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і інш. Практыкаваліся і выязныя заняткі.

Што датычыцца калектыву, аб ім Валерый Андрэевіч можа расказваць бясконца, пералічваючы якасці і заслугі кожнага, хто з ім працаваў:

– Выкананне пастаўленых перад цэнтрам (назва ўстановы за перыяд існавання змянялася некалькі разоў) задач і ўсе станоўчыя змены – гэта не толькі мая заслуга. Гэта заслуга калектыву, які заўсёды быў поруч і працаваў старанна і адказна. Сярод надзейных людзей старой загартоўкі хачу выдзеліць У.М.Хломку і А.Л.Флярова. Некалькі гадоў запар добрасумленна выконвалі свае абавязкі і перадавалі веды і практычныя навыкі слухачам М.І.Карняйчук, А.П.Мацкевіч. З удзячнасцю ўзгадваю адказнасць бухгалтароў А.С.Смурагі, З.М.Баранік. А з такімі, як старшы майстар Уладзімір Бартош, метадыст першай катэгорыі Кацярына Сцяцко, майстар вытворчага навучання Валянцін Пекарэц на працягу многіх гадоў падтрымліваю сяброўскія сувязі.

З павагай Валерый Андрэевіч успамінае былых кіраўнікоў раённых структур, гаспадарак, якія ўмелі павесці за сабой працоўныя калектывы, клапаціліся аб людзях і стваралі дастойныя ўмовы для работы.

– Наша пакаленне пераймала вопыт лепшых і паспяховых людзей, удасканальвала веды, набіралася майстэрства і дзялілася ім з маладымі. Таму і сёння, нягледзячы на тое, што час мяняе і ўмовы працы, і задачы, мне не сорамна за землякоў, за тых, хто працаваў і працуе на карысць роднага краю і краіны ў цэлым, – шчыра гаворыць ветэран працы.

ПАД НАДЗЕЙНЫМІ КРЫЛАМІ

Працоўныя дасягненні і грамадская дзейнасць Валерыя Храпунова неаднаразова адзначаліся заслужанымі ўзнагародамі. У яго скарбонцы – Ганаровыя граматы аблвыканкама і райвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і інш.

Разам з тым мужчына вельмі цаніў падтрымку і паразуменне сям’і. Вольны час прысвячаў родным, стараўся як мага больш увагі ўдзяліць ім. Пасадзіўшы на матацыкл, а пазней у аўтамабіль жонку, сына, дачок, адпраўляўся ў лес па грыбы і ягады, на рыбалку. І кожны з іх лічыў: якое шчасце быць побач з дарагімі людзьмі!

З часам дзеці выраслі, раз’ехаліся, стварылі свае сем’і і ашчаслівілі дзядулю з бабуляй 8 унукамі і праўнучкай. Кожны дзень яны тэлефануюць, цікавяцца справамі і здароўем, расказваюць аб сабе. Дзяніс, Наталля, Вольга і іх дзеці добра ведаюць, што ў любы момант бацькі могуць падставіць ім сваё надзейнае плячо, даць слушную параду.

Тое, што Валерый і Святлана Храпуновы ідуць разам па жыцці вось ужо 50 гадоў, безумоўна, сведчыць аб іх вялікім каханні, павазе і бязмежным клопаце адзін аб адным.

– Я вельмі ўдзячна лёсу, што падарыў мне сустрэчу з Валерыем, – кажа Святлана Фёдараўна. – Ён ніколі мяне не пакрыўдзіў. Заўсёды: і ў цяжкія хвіліны, і ў час роспачы, і нават у прафесійнай дзейнасці – быў побач. Ён – маё надзейнае плячо, апора сям’і. Без перабольшвання скажу: Валерый Андрэевіч не толькі Чалавек, але Муж, Бацька, Сябар, Аптыміст з вялікай літары. А яшчэ – яскравы прыклад таго, як трэба любіць жыццё, шанаваць родных і ў кожным дні знаходзіць цікавасць, карысць і прыемнасць. Гэта наш сямейны агеньчык, які сагравае нас, нашы надзейныя крылы, якія аберагаюць і атуляюць нас.

Валерый i Святлана ХРАПУНОВЫ

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены