Зэльвенскi рэнтгенолаг Міхаіл Слёзнік аддаў сваёй дзейнасці 38 гадоў

Можна з упэўненасцю сказаць, што пазбегнуць знаёмства з рэнтгенаграфічным (ці, як прывыклі казаць, флюараграфічным) кабінетам наўрад ці каму з нас удалося. Як пацыентам, вядома. А вось з працуючымі там людзьмі знаёмы нямногія. Сёння мы раскажам пра рэнтгенолага Міхаіла Валянцінавіча Слёзніка, які аддаў гэтай сферы дзейнасці 38 гадоў жыцця.

ПАКРУЧАСТЫ ШЛЯХ ДА ПРАФЕСІІ

Да прафесіі медыка Міхаіл Валянцінавіч Слёзнік ішоў доўга. Закончыўшы сярэднюю школу, юнак-рамантык вырашыў, што знаёмай з дзяцінства ракі Шчары для здзяйснення яго мрояў недастаткова: яму патрэбны моры і акіяны. Каб здзейсніць мару, падае дакументы ў Петразаводскае мараходнае вучылішча, дзе з вялікай цікавасцю вывучае належныя прадметы. Паспяхова заканчвае мараходку, як і практыку пасля яе. І – усё…

Прыехаў дадому пасля практыкі і перадумаў працягваць марацкую службу. Зараз сам не можа зразумець, чаму. Напэўна, гэта проста быў не яго шлях. І вельмі добра, што юнак інтуітыўна гэта вельмі хутка адчуў.

Крыху папрацаваўшы, падае дакументы ў Слонімскае медыцынскае вучылішча і ўжо ніколі не расчароўваецца ў абраным шляху. Медбратам у Бераставіцы папрацаваў нядоўга, бо быў прызваны ў армію. А пасля войска вырашыў працягваць вучобу далей, нават накіраванне ў інстытут ад армейскага кіраўніцтва ўзяў. (Як разумеем, службу Міхаіл праходзіў у салдацкім медпункце: фельчар па адукацыі быў тут вельмі дарэчы).

ГАДЫ ВУЧОБЫ. СТВАРЭННЕ СЯМ’І

інавіч у Гродзенскім медінстытуце. Было, вядома, нялёгка, як і ўсім студэнтам-медыкам. Але яму ў многім дапамагала немалая практыка як перад войскам, так і ў войску. Пасля першага курса ўвогуле адчуў сябе больш упэўнена. Настолькі больш, што не пабаяўся стварыць сям’ю. Абранніцай стала таксама студэнтка другога курса (праўда, не лячэбнага, а педыятрычнага факультэта). І вучыліся, і дзяцей гадавалі. Нават акадэмічных водпускаў не бралі. Праўда, падчас сесій прасілі бацькоў прыглядваць за іх двума сыночкамі, за што бязмежна ўдзячны бабулям і дзядулям.

Разам вучыліся, разам і працаваць у далейшым хацелі. Таму, калі даведаліся, што ў Зэльве будуць патрэбны педыятр і рэнтгенолаг, Міхаіл Валянцінавіч год інтэрнатуры ў Гродзенскай абласной бальніцы прысвяціў менавіта рэнтгеналогіі. І калі ў першыя месяцы яшчэ сумняваўся, ці добра зрабіў (усе гады навучання рыхтаваў сябе да лячэбнай практыкі), то неўзабаве ўжо і не ўяўляў сябе без рэнтгеналогіі. Дэталёва ўнікнуўшы ў магчымасці адкрытых Рэнтгенам прамянёў (дарэчы, у 1895 годзе), ён захапіўся перспектывамі выкарыстання іх у дыягностыцы захворванняў і ўжо без шкадавання аб працы тэрапеўта цалкам пагрузіўся ў свет нябачных чалавечаму воку, але такіх карысных прамянёў. Прамянёў, якія так многа могуць расказаць дасведчанаму чалавеку. І ў 1984 годзе ў Зэльву прыехаў з сям’ёй менавіта як урач-рэнтгенолаг.

УРАЧ-РЭНТГЕНОЛАГ ЗЭЛЬВЕНСКАЙ ПАЛІКЛІНІКІ

Калі ўліліся ў калектыў зэльвенскіх медыкаў, там якраз было нямала маладых сямейных пар, нават часткова знаёмых па вучобе ў вну. Аскальдовічы, Куліковы, Мірскія, Павядайкі, Фрэйбергі, як і яны з жонкай Лідзіяй Аляксандраўнай, вельмі хутка палюбілі невялікі ўтульны пасёлак, а людзі – іх, давяраючы ўсім як прафесіяналам высокага гатунку.

Працавалі тады ў не вельмі спрыяльных умовах. Старэйшыя зэльвенцы памятаюць цесныя пакойчыкі старой паліклінікі на перакрыжаванні вуліц Перамогі і Савецкай, некалькі аднапавярховых будынкаў бальніцы. Кабінетам рэнтгеналогіі загадваў паважаны ўсімі Іван Іосіфавіч Рагоўскі. Ён і стаў першым настаўнікам для пачынаючага рэнтгенолага М.В.Слёзніка. Абсталяванне таго часу патрабавала асабліва пільнага і ўважлівага позірку на кожны ўчастак органа, які трапляў на фотаплёнку. Не саромеліся лішні раз пракансультавацца як са спецыялістамі свайго профілю, так і іншымі ўрачамі.

Работы ў рэнтгенкабінеце заўсёды было шмат. Была мэта: кожны жыхар раёна павінен прайсці медагляд не менш аднаго разу ў год. І абавязкова кабінет – рэнтгенаўскі. Рэнтгеналагічная дыягностыка дазваляла ўчастковым урачам назначаць належнае лячэнне пры выяўленні адхіленняў ад нормы. Асабліва вялікай была нагрузка ў вызначаныя дні медагляду ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Як правіла, калгасы прывозілі ў дзень N сваіх механізатараў, даярак, спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна і г.д., якіх было нямала. У час школьных канікул медагляд павінны былі прайсці настаўнікі, выхавацелі і г.д. Адным словам, расслабляцца не было часу ні зімой, ні летам. Сумаваць у чаканні наведвальнікаў не даводзілася.

Засмучала хіба што недасканаласць апаратуры. На рэгулярных курсах урачы і лабаранты знаёміліся з навейшым абсталяваннем і з нецярпеннем чакалі, калі ж і на перыферыі яна стане памочнікам рэнтгенолагаў. І іх надзеі, хоць не так хутка, але спраўдзіліся. “На маёй памяці, – расказвае Міхаіл Валянцінавіч, – хіба што разы 3–4 новае абсталяванне атрымлівалі. І гэта для нас – вялікая радасць. Вось і зусім нядаўна, у 2020-м, мы атрымалі цэлы комплекс для дасканалага абследавання чалавечага арганізма”. Каб мы не сумняваліся ў праўдзівасці яго слоў, Міхаіл Валянцінавіч праводзіць міні-экскурсію па кабінетах. “Вось тое, што людзі прывыклі называць флюарографам. Бачыце розніцу між старым і новым? – кажа ён і вядзе ў другі кабінет. – А вось наш асаблівы гонар – комплекс “Униэксперт 3+”. Ён разлічаны на тры працоўныя месцы. Мы можам выявіць усе праблемы пазваночніка, суставаў, чэрапа, грудной клеткі і г.д. Якасць адлюстравання высокая, што дазваляе не прапусціць самага нязначнага змянення ў тым ці іншым органе. Бачыце, пацыент можа сядзець, стаяць ці ляжаць – у залежнасці ад таго, з якой праблемай ён да нас звярнуўся”.

“І ўсё гэта мы бачым на маніторы камп’ютара, – працягвае тлумачыць Міхаіл Валянцінавіч ужо ў сваім кабінеце. – Вось перад вашым прыходам лабаранты працавалі з чалавекам, у якога сур’ёзныя праблемы з каленным суставам. Здымак рабілі як спераду, так і з бакоў”.

Міхаіл Валянцінавіч хутка знаходзіць патрэбныя здымкі і працягвае тлумачыць: “Спецыялісту адразу відаць, якія праблемы непакояць пацыента, у якіх выпадках боль заціхае, а ў якіх павялічваецца. Свае вывады мы фіксуем у картцы хворага, а яго ўрач назначае лячэнне”.

Вядома, не ўсё зразумела нам, далёкім ад медыцыны людзям, у тлумачэннях урача, але магчымасці сучаснай апаратуры ўражваюць. Не трэба доўга чакаць праяўлення плёнкі, паўтараць абследаванне, а, значыць, апраменьванне чалавека. “Дарэчы, – дапаўняе Міхаіл Валянцінавіч, – моцна зніжаецца прамянёвая нагрузка на арганізм”.

Міхаілу Валянцінавічу, урачу-рэнтгенолагу I катэгорыі, падуладна расшыфроўка самых складаных парушэнняў ва ўсіх органах чалавечага цела, якія даследуе сучасная рэнтгеналогія. Бо якой дасканалай ні была б апаратура, без кваліфікаванага ўрача яна будзе прыгожым мертвым грузам.

“Хочацца пазнаёміць вас і з маімі калегамі, – кажа М.В.Слёзнік. – Без іх я хто?!”

КАМАНДА ЗЭЛЬВЕНСКІХ РЭНТГЕНОЛАГАЎ

У штаце рэнтгенкабінета тры ўрачы – М.В.Слёзнік, І.І.Насута, А.У.Цупрык (зараз у дэкрэтным адпачынку) і чатыры рэнтгенлабаранты: Аксана Якімовіч, Алег Бычкоў, Сяргей Мурын, Вераніка Сцепанчук. І, як лічаць лабаранты, у гэтым вельмі вялікая заслуга Слёзніка. “Мы, малодшыя, – кажа Аксана Якімовіч, – не адчуваем розніцы ва ўзросце і ў службовым становішчы з нашымі ўрачамі. А Міхаіл Валянцінавіч для нас увогуле як родны бацька. Часта не мы, а ён з’яўляецца ініцыятарам мноства ідэй. Кожны год мы плануем, куды адправімся летам на калектыўны адпачынак. Бяром палаткі і ўсё неабходнае для турпаходу – і наперад. І ў агульнабальнічных мерапрыемствах мы заўсёды ўдзельнічаем. Наш Міхаіл Валянцінавіч – надзейны памочнік старшыні прафкама Н.М. Дунецкай, якая ганарыцца нашым калектывам, стараецца і да ўзнагарод калег прадставіць у святочныя дні. Сябруем са спортам. І тут для нас эталон Міхаіл Валянцінавіч. Ён быў добрым валейбалістам у маладосці, таму і сёння падказвае аматарам гэтай гульні маленькія сакрэты. Любім мы слухаць яго ўспаміны аб першых кроках у медыцыне, аб старэйшых медыках, у тым ліку і аб тых, каго ўжо няма сярод нас”.

У калектыве аднадумцаў няма сакрэтаў і аб сямейных праблемах і радасцях. Калі выпадае, то і адпачываюць разам з дзецьмі. Сыны Слёзнікаў, што раслі ў студэнцкім асяроддзі, даўно самі сталі бацькамі і паважанымі людзьмі. Праўда, па шляху бацькоў не пайшлі: старэйшы сын – юрыст, малодшы – чыгуначнік. Але хіба справа ў прафесіі? Галоўнае – адбыцца ў ёй, як адбыліся Міхаіл Валянцінавіч і Лідзія Аляксандраўна ў медыцыне.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены