Ужо 30 з лішнім гадоў Вольга Мысліцкая застаецца вернай рабоце ў СВК “Сынкавічы”

Пра работнікаў СВК “Сынкавічы” мы часцей за ўсё расказваем як пра перадавікоў у раслінаводстве. Гэта і сапраўды так. Але ж у рэшце рэшт раслінаводы хоць зімой могуць “пачысціць пёры”, адпачыць, паправіць здароўе. А для жывёлаводаў няма ні вясны, ні зімы. Нават сон іх перапыняецца ў самы спрыяльны для адпачынку арганізма час – 4-5 гадзін раніцы. Гэта адна з самых цяжкіх прац, няхай механізаваная і аптымізаваная ў дзясяткі разоў. Згодны? Тады раскажам пра жанчыну, якая вось ужо 30 з лішнім гадоў застаецца вернай такой складанай і цяжкай рабоце.

ВЫТОКІ

Вольга Мысліцкая (у дзявоцтве Махнач) нарадзілася і расла ў вёсцы Пруд. Вёска невялікая, але багатая на працавітых і таленавітых людзей. І пяцёра дзяцей Махначоў змалку прывыкалі да цяжкай сялянскай працы. Матуля працавала даяркай, і ўсе як маглі дапамагалі ёй. Вучылася Вольга ў Галынкаўскай школе, вучылася вельмі добра. Настаўнікаў любіла як родных бацькоў. У думках не раз бачыла і сябе ў ролі настаўніцы, падобнай на адну з любімых галынкаўскіх “сеятельниц” дабра і ведаў.

Пасля заканчэння васьмі класаў падала дакументы ў Ваўкавыскае педвучылішча. Была разгублена, калі даведалася, што не хапіла аднаго бала, каб стаць студэнткай. І тут выпадак сыграў галоўную ролю ў жыцці дзяўчыны: у педвучылішча прыйшлі выкладчыкі з зааветтэхнікума і запрасілі да сябе. Вольга падумала-падумала і згадзілася. Ёй, змалку знаёмай не проста з сялянскай працай, а менавіта з жывёлагадоўляй, не было страшна, што не зможа потым працаваць на ферме. А падчас вучобы так захапілася ведамі пра “сяброў нашых меншых”, што стала прыкладам для іншых студэнтаў. З адзнакай закончыла тэхнікум і вярнулася ў родныя мясціны ўжо як спецыяліст-заатэхнік. У калгасе “Зара” пачынала як племучотчык: вяла ўлік асаблівасцей і якасцей кожнай каровы, каб потым ужо з галоўнымі спецыялістамі рабіць належныя вывады.

Пасля рэарганізацыі дзвюх суседніх гаспадарак – “Зары” і “Рассвета” – удасканальвалася ў селекцыйнай і лабараторнай рабоце, была надзейнай памочніцай начальніка комплекса “Ярнева”. Завочна вучылася ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Вельмі ўдзячна і кіраўнікам гаспадарак, з якімі давялося працаваць у той час – В.І.Будрэвічу, У.У.Боцька, В.В.Харуце.

КЛОПАТЫ І ТРЫВОГІ ПАВЯЛІЧВАЮЦЦА

Адна справа – адказваць за нейкі ўчастак работы, і зусім іншая, калі табе давяраюць усю заатэхнічную службу ў вялікай гаспадарцы. А менавіта так сталася ў лёсе Вольгі Лявонцьеўны ў 2015 годзе: старшыня СВК “Сынкавічы” Дзмітрый Дзешка прапанаваў ёй стаць галоўным заатэхнікам. Без згоды мужа жанчына не адважылася б на такі крок. Але той, сам аддаючыся цяжкай і карпатлівай кавальскай працы, не пярэчыў кар’еры жонкі. З той пары і няма спакою Вользе Лявонцьеўне ні днём, ні ноччу. У яе «гаспадарцы» не проста фермы, а самыя розныя па прызначэнні аб’екты. Мяркуйце самі. На ферме ў Снежнай (загадчык В.В.Іскра) ідзе адкорм быкоў, старасельцы маюць больш двухсот дойных кароў і прымаюць на дагадоўванне ад луконіцкіх жывёлаводаў маленькіх цялят.

Малочнатаварныя фермы “Луконіца” (заг. Я.Л.Мармыш) і “Раўтовічы” (заг. А.В.Новік) займаюцца і вытворчасцю малака, і гадоўляй цялят, і працуюць над селекцыяй. Малочнатаварныя комплексы ў Елцы і Ярневе (начальнікі С.П.Калейнік і А.А. Буйніцкая) таксама маюць свае адрозненні. Ярнеўцы – у ліку лідараў па адкорме быкоў сярод калег па ўсёй Беларусі. Елкаўцы лідзіруюць па надоях. Ёсць немалыя адрозненні ў кожнай з ферм у метадах вырошчвання і адкорму, у прымяненні даільных апаратаў і ўстановак. І пра ўсе новаўвядзенні клапоцяцца спецыялісты СВК на чале са старшынёй і галоўным заатэхнікам. Вольга Лявонцьеўна вельмі ўдзячна старшыні СВК за разуменне і падтрымку. Ды што казаць – падтрымку?! Менавіта старшыня і натхніў пачынаючага галоўнага заатэхніка на пошук новых тэхналогій у жывёлагадоўлі. Разам вывучалі плюсы і мінусы, напрыклад, прывязнога і беспрывязнога ўтрымання дойных кароў пры рэканструкцыі старых ферм у Луконіцы ці Старым Сяле. Раіліся, якое даільнае або стойлавае абсталяванне набыць, як рацыянальна размясціць кароў.

Падлічвалі з бухгалтэрыяй затраты і прыбытак ад замены адной пароды кароў на другую. Зараз на адкорме ў сынкавічан прагрэсіўная парода герэфорд, а дойны статак – гэта гальштынская “бурёнка”. Таму і такія высокія паказчыкі мае гаспадарка, што заўсёды “раіцца” з навукай, новымі дасягненнямі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Але, як падкрэслівае Вольга Лявонцьеўна, усе тэхналогіі былі б нішто, калі б не працалюбівыя людзі. Галоўны заатэхнік ведае кожнага працаўніка кожнай фермы. Шкада, што ў нас няма магчымасці пералічыць тут усіх.

Але хоць некаторых узгадаем. Гэта аператары Ганна Козел, Алена Палюховіч, Тамара Каўчун, Наталля Картовіч, Алена Міхалькевіч, Святлана Кіслая, Ала Каласоўская, Таццяна Карповіч, цялятніцы і адкормачнікі Аліна Аўсеец, Галіна Дудко, Ганна Сянько, Юрый Дудко, Алена Лойка, Аляксандр Каршук, Аляксей Чарнышоў, Ала Сідорык, Ніна Пастырчук… (Паверце, дарагія жывёлаводы, Вольга Лявонцьеўна не забыла нікога!)

ЧАМУ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА ЗАДУМЫ

Без нармальнай арганізацыі ўсіх складанейшых працэсаў нельга было бы чакаць і добрых вынікаў. У СВК “Сынкавічы” з гэтым усё добра, усё прадумана да драбніц. Што датычыцца заалагічнай службы, то, па словах Вольгі Лявонцьеўны, яны працуюць і як стратэгі, і як тактыкі. Інакш можна пагрузнуць у штодзённых клопатах і забыць пра перспектыву. Мысліцкай дакладна вядомы месяцы і дні расфарміравання секцый перамяшчэння цялят з адной фермы на другую ці з секцыі ў секцыю, рэалізацыі жывёлы на Слонімскі мясакамбінат і г. д.

Кожны тыдзень удакладняюцца звесткі ад кіраўнікоў усіх ферм, улічваюцца іх запыты, змены ў жыцці калектываў. Ну, а штодзённыя праблемы і вырашаюцца штодзённа на ранішніх планёрках. Рэалізоўваць быкоў і кароў заўсёды едзе сама Вольга Лявонцьеўна. Ужо там яна ведае, якім сортам ідзе іх тавар (а, як правіла, сынкавічане “любяць” толькі лепшыя катэгорыі – “супер”, “прыма” ды “экстра”), які будзе прыбытак, і не чакае, пакуль мясакамбінат дашле свае разлікі. Таму і надбаўкі жывёлаводам за якасную прадукцыю бухгалтэрыя можа налічыць своечасова. Людзі гэта цэняць і яшчэ больш давяраюць словам і абяцанням спецыялістаў. Вераць, што не толькі іх заробак вырасце, але і ўмовы працы будуць з кожным годам паляпшацца. А спецыялісты могуць упэўнена павышаць планавыя паказчыкі на наступныя перыяды.

А ЖАНОЧАЕ ШЧАСЦЕ?

Мы ўжо згадвалі, што муж у нашай гераіні – сапраўдны рыцар, добра разумее жонку і ва ўсім ёй дапамагае. Дома, вядома, бо ён не працуе ў жывёлагадоўлі: Сяргей Уладзіміравіч – ас у кавальскай справе. “Без яго, – кажа Вольга Лявонцьеўна, – хіба змагла б я столькі сіл і часу аддаваць рабоце?! Ды і з дзецьмі я больш была толькі ў дэкрэтных адпачынках. Наша дачка Кацярына даўно дарослая, па адукацыі бухгалтар. Сын Даніла – школьнік, вельмі самастойны чалавек. Як і муж, шмат дапамагае мне ў доме. (Адзначым ад сябе: калі бацька рыцар, то хіба сын не перайме яго паводзін?)Так што я вельмі шчаслівы чалавек. І работу любімую маю, і сям’ю цудоўную, за што вельмі дзячна лёсу”.

Р.S. Нялішне будзе прасачыць і за своеасаблівым эксперыментам, што выпаў на долю гераіні: з восені 2022 года заатэхнічная служба СВК “Сынкавічы” ўзяла пад сваю апеку на даверлівых умовах МТК “Збочна” і МТК “Волчкі” ў суседняй гаспадарцы Слонімскага раёна – КСУП “Драпава”. Яшчэ рана гаварыць аб поспехах, але што справа небезнадзейная, – казаць можна. Як бачым, да сямі сваіх ферм даводзіцца галоўнаму заатэхніку ўзвальваць на свае плечы яшчэ дзве! Пажадаем ёй і ўсім жывёлаводам толькі поспехаў!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены